У Следчы камітэт накіраваныя матэрыялы па 12 беларусах, якія ваююць на Данбасе
Міністэрства ўнутраных спраў накіравала ў Следчы камітэт матэрыялы на 12 удзельнікаў баявых дзеянняў у Данбасе па абодва бакі фронту. На гэтых 12 чалавек могуць пачаць крымінальныя справы, заявіў міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч.
"Агульны спіс удзельнікаў баявых дзеянняў грамадзян Беларусі складае больш за сто чалавек. Матэрыялы ў Следчы камітэт перададзеныя пакуль на 12 чалавек. Прычым гэта тыя людзі, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях на карысць абодвух бакоў. Асновы для завядзення крымінальных спраў, на наш погляд, ёсць, але апошняе слова будзе за Следчым камітэтам", — цытуе Радыё "Свабода" словы Шуневіча.
Раней Шуневіч казаў пра пару дзясяткаў беларусаў, на якіх могуць пачаць крымінальныя справы за ўдзел у баявых дзеяннях на Данбасе.
Фота: сацыяльныя сеткі