У вагоне метро біліся пасажыры. Ахова з'явілася толькі праз станцыю?
Па словах відавочцы, выклікаць ахову атрымалася не адразу. У міліцыі кажуць, што парушальнікі парадку былі затрыманыя аператыўна.
У абед 13 ліпеня ў вагоне мінскага метро на лініі "Каменная горка—Магілёўская" адбылася бойка. Інфармацыя з'яўляецца на старонцы ў Фэйсбуку Юліі Хлашчанковай. Дзяўчына кажа, што проста ў нейкі момант на станцыі "Спартыўная" адзін мужчына пачаў біць другога. Яна ж стала ціснуць на кнопку "экстранная сувязь з машыністам", каб выклікаць ахову.
Аднак ахова метрапалітэна з'яўляецца толькі на станцыі "Маладзёжная".
"Што такое прафесіяналізм службаў бяспекі ў метро? — піша Юлія. — Гэта калі ў вагоне пачынаецца бойка, і пакуль увесь вагон ўцякае ў дальні кут, ты 2 станцыі (!!!!) тэлефануеш машыністу — а там нуль па фазе. У гэты час мужчыны ўключаюцца ў разніманне бойкі, так што, працэс становіцца масавым. Нарэшце на адной з станцый з'яўляецца служба бяспекі, затрымлівае ўдзельніка бойкі, забірае іншага з вагона — і ўсё. Цягнік зачыняе дзверы, а ты крычыш: а сведак ўзяць? У ахоўніка на твары з'яўляецца думка, кшталту "от ..." і ён крычыць табе ў адказ: "Патэлефануйце ў 102".
Юлія тэлефануе ў 102. Аднак, кажа, там пра здарэнне… нічога не ведаюць.
Ва УУС па ахове Мінскага метрапалітэна праз паўгадзіны пасля здарэння Еўрарадыё паведамляюць, што ўдзельнікі бойкі затрыманыя, ёсць сведкі, ідзе разбіральніцтва. Пазней прэс-сакратар ГУВД Аляксандр Ластоўскі распавядае што бойка адбылася паміж станцыямі Пушкінская і Маладзёжная.
"У вагоне метро, які рухаўся з Пушкінскай да Маладзёжнай, адбыўся канфлікт двух раней не знаёмых асобаў 90-га і 76-га гадоў нараджэння, якія, як я разумею, сустрэліся на вуліцы, толькі што пазнаёміліся, магчыма, былі нападпітку. Прычына — непрыязнае стаўленне адзін да аднаго на бытавой глебе".
Юлію Хлашчанкову ўсё ж выклікаюць у міліцыю, даведваюцца пра падрабязнасці здарэння. А героі дня, якія напалохалі пасажыраў, паводле Юліі, памірыліся.
Фота: photopolygon.com