У Віцебску перайменавалі 15 вуліц і завулкаў (фота)
Віцебскія ўлады перайменавалі ў абласным цэнтры адразу 15 вуліц і завулкаў. Але гэта зусім не дэсаветызацыя, якая паспяхова праходзіць ва Украіне. Неабходнасць часткі перайменаванняў выклікана ўключэннем у склад горада гарадскога пасёлка Руба, а ў ім былі такія ж назвы, як у Віцебску. У выніку замест Лугавой з’явілася Вербная вуліца, была Мінская вуліца, а стала Даламітавая, а вуліца Працы стала Ціхай.
Іншыя перайменаванні адбыліся з-за жадання ўладаў увекавечыць шэраг асоб. Напрыклад, Цэнтральную вуліцу назвалі ў гонар Аляксандра Авечкіна, былога дырэктара завода. Замест Маладзёжнай будзе вуліца імя савецкага лётчыка Пятра Нікіфарава. Была вуліца Рэпіна, а будзе вуліца імя акцёра Коласаўскага тэатру Фёдара Шмакава. Таксама зніклі Станцыйная, Дачная і Школьная вуліцы.