У Вільні беларускую мову палічылі польскай, рускай ці ўкраінскай (відэа)
У Вільні беларускую мову палічылі польскай, рускай ці ўкраінскай. Партал DELFI даваў мінакам паслухаць гаворку вяскоўцаў з Віленскага краю. І толькі два чалавекі сказалі, што чуюць беларускую мову.
"На гэтай мове ў Літве гавораць дзясяткі тысяч мясцовых жыхароў, але яе амаль ніхто не пазнае, — гаворыцца ў рэпартажы DELFI. — Проста яе носьбіты саромеюцца на ёй размаўляць".
Доктар філалагічных навук Алесь Адамковіч кажа, што на запісе "адзін з дыялектаў беларускай мовы", у якім зусім няшмат русізмаў ці паланізмаў. І менавіта на аснове гэтага дыялекту ў свой час стваралася беларуская літаратурная мова.
Вільня ў першай палове ХХ стагоддзя была цэнтрам беларускага руху ў Расійскай імперыі, пасля — у Польшчы. У міжваенны час там выдаваліся сотні беларускамоўных газет, часопісаў, кніг. Восенню 1939-га Вільня на кароткі час увайшла ў склад БССР, але Сталін перадаў яе Літве.