У выніку ракетнага ўдару па Кабуле загінула 9 чалавек адной сям'і
Выгляд дома, разбуранага ў выніку ракетнага ўдару па Кабуле 29 жніўня 2021 года / Reuters
Падчас ракетнага ўдару ЗША па Кабуле 29 жніўня, папярэдне, загінулі дзевяць чалавек з адной сям'і, у тым ліку шасцёра дзяцей. Пра гэта піша CNN са спасылкай на брата аднаго з забітых. Ён кажа, што гэта была звычайная сям'я:
"Мы не ІГ або ДАІШ, гэта быў сямейны дом, дзе мае браты жылі са сваімі сем'ямі", — сказаў мужчына.
Па словах сваяка загінулых, на месцы здарэння было два аўтамабілі — Toyota Corona і Toyota Camry. Загінулыя знаходзіліся ў адным з іх.
Сусед загінулай сям'і распавёў CNN, што быў сведкам авіяўдару каля 17:00 па мясцовым часе. Ён акурат падыходзіў да дома, калі пачуў шум ракеты, а затым гучны выбух. Яму давялося самому хавацца, перш чым ратаваць суседзяў.
"Мы былі б глыбока засмучаныя любой патэнцыйнай гібеллю ні ў чым не вінаватых людзей", — гаворыцца ў заяве афіцыйнага прадстаўніка Цэнтральнага камандавання ЗША Біла Урбана. У ведамстве пацвярджаюць, што ім вядомыя паведамленні аб ахвярах сярод грамадзянскага насельніцтва.
"Наступныя магутныя выбухі адбыліся ў выніку разбурэння аўтамабіля, што паказвае на наяўнасць вялікай колькасці выбуховага матэрыялу ўнутры, гэта магло прывесці да дадатковых ахвяр", — заявілі амерыканскія вайскоўцы. Мінабароны ЗША напярэдадні расказала, што мэтай авіяўдару быў аўтамабіль, поўны выбухоўкі, і выказала ўпэўненасць, што мэта дасягнута.
Увечары 26 жніўня ля аэрапорта Кабула адбыўся тэракт. СМІ мяркуюць, што першы выбух здзейсніў тэрарыст-смяротнік. Другі прагрымеў з-за бомбы ў машыне. Загінулі каля 200 чалавек, большая частка з якіх — афганцы, сярод загінулых — 13 амэрыканскіх вайскоўцаў. Адказнасць за выбухі ўзяла на сябе ІГ. Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн аддаў загад нанесці ўдары па лідарах і аб'ектах групоўкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.