У які момант Чарльз ператварыўся ў Карла? Як называць новага брытанскага караля
"Калі Чарльз ператварыўся ў Карла?" Такія пытанні мы атрымліваем пад постамі ў сацсетках. І іх вельмі шмат! Нам указваюць, што новага брытанскага караля варта было б называць Чарльзам III замест Карла ІІІ. І шмат хто не разумее, чаму вымаўленне імя Charles змянілася, хаця ў англійскай мове ўсё засталося, як і было.
Справа ў традыцыі: шмат стагоддзяў мовай дыпламатыі была лацінская. Таму імёны манархаў у еўрапейскіх мовах пры перакладзе прынята латынізаваць. Напрыклад, кароль Эдуард VIII, дзядзька Лізаветы II, у англійскай заставаўся "Эдвардам" (Edward), але ў шмат якіх мовах быў менавіта "Эдуардам". Тое самае і з "Джорджамі" (George), якія "станавіліся" Георгамі.
І гэта далёка не "расійская" традыцыя, як некаторыя памылкова лічаць: новага брытанскага караля называюць латынізаваным імем і ў Польшчы (Karol), Чэхіі (Karl), Літве (Karolis), Іспаніі (Carlos) ды шмат якіх іншых краінах.
Так працуе не толькі з брытанскімі манархамі: напрыклад, італьянскі кароль Віктор Эмануіл III у англійскай Victor, у іспанскай – Víctor, а насамрэч ён быў Vittorio.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.