У Юрмале да 105-годдзя БНР адкрыецца выстава "Крэатыўная рэвалюцыя"
Выстава "Крэатыўная Беларусь"
У Юрмале да 105-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі адкрыецца выстава "Крэатыўная рэвалюцыя". Экспазіцыя прысвечаная пратэстам у Беларусі ў 2020 годзе.
Выстава пакажа ўвесь крэатыў, з якім беларусы супраціўляліся фальсіфікацыі выбараў, гвалту ўладаў, спрабавалі вярнуць сабе базавыя правы і свабоды, а таксама пазнаёміць з нізавымі ініцыятывамі, якія аб'ядналі актывістаў па ўсёй краіне. Першы паверх будзе прысвечаны фотасведчанням тэрору, учыненага ўладамі, мірным маршам, якія сталі адказам на гвалт, дваровым ініцыятывам, якія аб'ядналі людзей, а таксама культурнаму феномену Беларусі — сцягам пратэстных раёнаў.
На другім паверсе будуць прадстаўленыя працы дызайнера Уладзіміра Цэслера і керамісткі Ганны Мядзведзевай.
Выставу праводзяць арт-станцыя "Дубулты" і аб'яднанне беларусаў Латвіі "Суполка". Трапіць на яе можна будзе з 25 сакавіка па 28 траўня з 9:00 да 17:30 па адрасе: Zigfrīda Meierovica prospekts 3, Jūrmala. Уваход вольны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.