У забойстве беларуса ў Кракаве вінавацяць двух чалавек
У нядаўнім забойстве беларуса ў цэнтры Кракава вінавацяць двух чалавек. Акрамя таго, яшчэ адзін мужчына будзе несці адказнасць за тое, што дапамог галоўнаму падазраванаму уцячы з горада. Пра гэта паведамляе RMF24.
Пацярпелымі па справе праходзяць пяць чалавек.
Як расказвала Еўрарадыё, цела 29-гадовага беларуса ў цэнтры Кракава знайшлі ў ноч на 22 ліпеня. Наш суайчыннік жыў і працаваў у Кракаве апошнія некалькі гадоў. Па запісах з камер назірання затрымалі 59-гадовага мясцовага жыхара, якога падазравалі ў датычнасці да трагедыі.
Пазней стала вядома, што ўсё пачалося з вулічнай бойкі. У ёй, акрамя беларуса, удзельнічалі два мужчыны — аднаму 40 гадоў, другому 59. Маладзейшага з іх вінавацяць ва ўдзеле ў збіцці, а старэйшага — у збіцці, якое прывяло да смерці. Як высветлілі польскія журналісты, гэта былы прафесійны баксёр. Ён спрабаваў уцячы з Кракава, у чым яму дапамог 27-гадовы знаёмы. Але праз пэўны час мужчыну ўсё ж затрымалі паліцыянты.
У паліцыі пакуль не кажуць, што стала прычынай нападу на беларуса.
59-гадовы мужчына затрыманы, 40-гадовы знаходзіцца пад паліцэйскім наглядам і паручальніцтвам, 27-гадовы — толькі пад паліцэйскім наглядам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.