У забойстве прэзідэнта Гаіці Жавенэля Маіза ўдзельнічалі 28 чалавек
Двое падазраваных у забойстве прэзідэнта Гаіці / AFP
У забойстве прэзідэнта Гаіці Жавенэля Маіза ўдзельнічалі 28 чалавек, але іх агульная колькасць можа быць і большай, піша AFP са спасылкай на кіраўніка паліцыі Леона Шарля. 17 з іх затрыманыя, васьмярых шукае паліцыя.
Сярод падазраваных — 26 калумбійцаў (раней міністр абароны Калумбіі паведаміў, што ў забойстве Маіза падазраюць адстаўных вайскоўцаў гэтай паўднёваамерыканскай краіны. — рэд.) і два амерыканцы гаіцянскага паходжання. Паводле мясцовай газеты Nouvelliste, амерыканцы ўдзельнічалі ў аперацыі як перакладчыкі. Адзін з іх сказаў, што знайшоў гэтую працу ў інтэрнэце.
"Мэтай наймітаў было арыштаваць прэзідэнта Маіза па ордэры следчага суддзі, а не забіваць яго", — распавёў суддзя Клеман Ноэль са спасылкай на паказанні амерыканцаў.
11 падазраваных хаваліся ў амбасадзе Тайваня. Пра гэта распавялі самі супрацоўнікі амбасады. Перад аперацыяй па затрыманні праваахоўнікі Гаіці запыталі дазвол у пасольства патрапіць на яго тэрыторыю.
Згодна са СМІ, у Жавенэля Маіза трапіла 12 куль. Пры гэтым яго ахоўнікі не пацярпелі. Служба бяспекі прэзідэнта падазраецца ў бяздзейнасці падчас замаху. Усіх ахоўнікаў выклікалі на допыт.
Напад на прэзідэнта Гаіці адбыўся ў ноч на 7 ліпеня на тэрыторыі яго рэзідэнцыі. 53-гадовы Жавенэль Маіз памёр на месцы. Яго жонка знаходзіцца ў цяжкім стане. Яе адправілі на лячэнне ў ЗША.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.