У Зэльвенскім раёне тайна прагаласаваць не атрымаецца
Участак для галасавання ў Зэльвенскім раёне / zelva.grodno-region.by
На адным з выбарчых участкаў у Зэльвенскім раёне сталы ў кабінках для галасавання ўсталявалі так, каб усе дзеянні ўдзельнікаў рэферэндуму былі бачныя.
Нагадаем, ЦВК у гэтую кампанію загадаў прыбраць фіранкі з кабінак для галасавання. Такім чынам, у грамадзян заставаўся адзіны шанец захаваць свой выбар у таямніцы, павярнуўшыся ў адкрытай кабінцы спінай да ўваходу. Але на адным з участкаў у Зэльвенскім раёне удзельнікаў рэферэндуму пазбавілі і гэтай магчымасці. Сталы ў кабінках усталявалі так, што выбаршчык, каб паставіць адзнаку ў бюлетэні, вымушаны стаяць бокам.
Фота з ўчастка апублікаваныя на сайце Зэльвенскага райвыканкама.
Нагадаем, артыкул 9 Выбарчага кодэкса Беларусі гаворыць, што "галасаванне на выбарах і рэферэндуме з'яўляецца тайным: кантроль за волевыяўленнем выбаршчыкаў, удзельнікаў рэферэндуму ў ходзе галасавання забараняецца".
Раней прадстаўнікі апазіцыі заклікалі беларусаў ісці на рэфэрэндум і рабіць бюлетэні несапраўднымі. У прыватнасці, прапаноўвалася перакрэсліваць абодва прапанаваныя ўладамі варыянты.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.