У Жлобінскім і Рэчыцкім раёнах дагэтуль ёсць дамы без электрычнасці
Наступствы ўрагану ў Беларусі
Многія жыхары Жлобінскага і Рэчыцкага раёнаў Гомельскай вобласці дагэтуль застаюцца без электрычнасці. Пра гэта заявіў міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч, расказваючы пра ліквідацыю наступстваў нядаўняга ўрагану.
"Мы дакладна разумеем, дзе і якія брыгады павінны працаваць. Усяго на дзень задзейнічана 148 аварыйна-рамонтных брыгад. Задача на сёння — закрыць усе заяўкі, якія ёсць ад насельніцтва. Дынаміка станоўчая, прымаем усе меры, каб як мага хутчэй выканаць запланаваныя работы", — паведаміў міністр.
14 ліпеня па Беларусі пранёсся ўраган, асабліва дасталася паўднёвай частцы краіны. Пацярпела каля 600 населеных пунктаў, 6 чалавек загінулі. Праблемы з энергаспажываннем узніклі ў 900 вёсках, пасёлках і гарадах.
У пятніцу працу мясцовых уладаў і ратавальнікаў па аднаўленні краіны пасля стыхіі раскрытыкаваў Лукашэнка.
"Ніякай рэакцыі, акрамя звычайнай рэакцыі энергетыкаў. Адэкватнай рэакцыі на гэтую падзею — хуткай, дакладнай, ваеннай — не было. Агідная праца. У першыя гадзіны і дні працы. Я гэта бачыў", — сказаў беларускі кіраўнік. Тым не менш ні Лукашэнка, ні іншыя высокапастаўленыя чыноўнікі, ні дэпутаты ў першыя дні пасля шторму ў дапамозе беларусам з пацярпелых раёнаў заўважаныя не былі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.