У Жодзіне бацькам на завод у 7:30, а дзецям у школу толькі праз гадзіну

У Жодзіне бацькам на завод у 7:30, а дзецям у школу толькі праз гадзіну

“Навучальныя заняткі мусяць пачынацца не раней за 8:00. Аптымальны час пачатку заняткаў — 9:00. Другая змена мусіць пачынацца не пазней за 14:00. Расклад навучальных заняткаў зацвярджаюць у школе. У жніўні школы працуюць з бацькамі. Адміністрацыі трэба прааналізаваць спецыфіку раёна, прадугледзіць час пачатку заняткаў. Тым больш, а 8-й раніцы школа будзе адчыненая”, — адказвае на пытанне Еўрарадыё намесніца начальніка ўпраўлення адукацыі Мінадукацыі Ірына Каржова.

Размовы пра перанос заняткаў пачаліся пасля травеньскага выступу Аляксандра Лукашэнкі. Тады кіраўнік краіны наўпрост сказаў, што яго малодшы сын Мікалай “засынае на першым уроку”. Бо заняткі пачынаюцца вельмі рана, а 8-й гадзіне.

Цяпер пытанне пачатку заняткаў бацькі ўсё часцей уздымаюць на інтэрнэт-форумах: “Як адправіць дзіця ў школу а 9-й гадзіне, калі на працу а 8-й і раней?”.

Ці сапраўды школы ўлічылі “спецыфіку рэгіёна”.

Жодзіна, “Белаз” — горадаўтваральнае прадпрыемства, працу пачынае ў 7:30.

“Ды ў нас і раней бацькі адпрошваліся, каб прыйсці а 8-й раніцы, і адпрацаваць пасля ў абед гэты час”, — гавораць на прадпрыемстве. У колькі будуць пачынацца заняткі ў дзяцей, тут яшчэ не ведаюць. Можа, школы ўлічылі пажаданні?

“У нас заняткі пачынаюцца ў 8:30. У нас няма падвозу дзяцей, мы ўлічвалі расклад гарадскога транспарту і перагружанасць школ, бо большасць школ працуем у дзве змены”, — адказваюць у аддзеле адукацыі Жодзінскага гарвыканкама.

Еўрарадыё: А чаму не ў 8 раніцы, у вас жа завод буйны ў гэты час працаваць пачынае?

Аддзел адукацыі: Не задавайце правакацыйных пытанняў, не ў 8 раніцы, проста таму, што не ў 8 раніцы.

Жлобін, Металургічны завод — горадаўтваральнае прадпрыемства. На працу сюды прыходзяць у 8:00. А школы?

“Заняткі будуць пачынацца ў 8:30, каб нашы дзеці выспаліся. Кіраўнік краіны яшчэ ў траўні пра гэта гаварыў. І па санітарных нормах заняткі трэба пачынаць а 9-й гадзіне. Можа, у нас нешта зменіцца і таксама ў 9 раніцы будзем пачынаць. Мы вырашалі ў 8:30 ці 9 раніцы пачынаць, раней нам ніхто не прапаноўваў”, — распавядаюць Еўрарадыё ў адной са жлобінскіх школ. Тое самае гавораць і ў іншых.

Пра тое, што школы самі вырашаюць, у колькі пачынаць, тут не ведаюць!

Раней Мінадукацыі рэкамендавала пачатак заняткаў у 8:30 раніцы для школ, якія працуюць у 2 змены і ў 9:00 для школ, якія працуюць у 1 змену. Выходзіць, рэкамендацыю ўспрынялі, як загад. Ці гэта была не рэкамендацыя?

“Усё вырашаецца на месцах, згодна са спецыфікай раёна”, — удакладняюць яшчэ раз у Мінадукацыі.

Летась траціна школ пачынала заняткі з 9 гадзін, адна траціна — з 8:30, усе іншыя — у 8 гадзін раніцы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі