У ЗША выкрылі расійскую бот-сетку, якая дзейнічала ў 50 краінах
ЗША нейтралізавалі расійскую шпіёнскую праграму / pixabay.com
Міністэрства юстыцыі ЗША паведаміла пра завяршэнне аперацыі MEDUSA, у выніку якой была нейтралізаваная бот-сетка, створаная шкоднаснай праграмай Snake. Мяркуецца, што сама праграма кантралявалася з аднаго з цэнтраў ФСБ Расіі.
"На працягу амаль 20 гадоў гэтае падраздзяленне, названае ў судовых дакументах "Turla", выкарыстоўвала версіі шкоднаснага ПА Snake для крадзяжу канфідэнцыйных дакументаў з сотняў камп'ютарных сістэм па меншай меры ў 50 краінах", — заяўляюць у Мінюсце ЗША.
Сетка дзейнічала супраць краін NATO, а таксама ўрадаў іншых дзяржаў, арганізацый і персон, якімі цікавіцца Расія.
ФБР зрабіла мадыфікацыю віруса, у выніку чаго Snake адключаў сам сябе. Амерыканскі суд санкцыянаваў аддалены доступ да заражаных камп'ютараў. ФБР ужо паведаміла ўладальнікам гэтых камп'ютараў пра свае дзеянні.
Як адзначаюць у Мінюсце, ФБР таксама плануе супрацоўнічаць з урадамі краін, дзе выявілі шпіёнскую праграму.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.