Учора — рабочы, сёння — дырэктар: гісторыя звольненага супрацоўніка Гродна Азот

Вадзім і яго работа / калаж Еўрарадыё
Вадзім і яго работа / калаж Еўрарадыё

"Учора — рабочы, сёння — дырэктар фабрыкі цацак", — кажа пра сябе Вадзім Венскі, цяпер ужо былы апаратчык цэха "Цыклагексанон" "Гродна Азот". Нядаўна 38-гадовы бацька дваіх дзяцей быў звольнены з завода, на якім прапрацаваў 18 гадоў.

"Як аказалася, заканадаўства — усяго толькі слова, і яно нічога не значыць. Мяне звольнілі 28 кастрычніка за тое, што я нібыта 26 чысла ўдзельнічаў у несанкцыянаваных мерапрыемствах на тэрыторыі завода. Не за прагул, не за п'янства, а менавіта за ўдзел. Палітычны, значыць", — расказвае Вадзім Еўрарадыё.

26 кастрычніка некаторыя рабочыя "Гродна Азот" далучыліся да агульнанацыянальнай забастоўкі. Праз два дні, акрамя нашага суразмоўніка, страцілі працу яшчэ дзесяць чалавек. На думку Вадзіма, звальненне пары дзясяткаў спецыялістаў, якія адказваюць за тэхналагічны працэс, вядзе да таго, што прадпрыемства не зможа працаваць, як раней. Былы рабочы кажа, што адбыцца гэта можа ў любы момант, таму што хваляванні на "Гродна Азот" працягваюцца ўжо некалькі месяцаў, а дыялогу з кіраўніцтвам як не было, так і няма.

Еўрарадыё паразмаўляла з Вадзімам пра прычыны ўдзелу ў забастоўцы, звальненні, завод без рабочых і маленькі ўласны "заводзік" па вырабе драўляных цацак.


Як ягняткі, што вераць ваўку

Тое, што адбывалася ў цэнтры Еўропы ў першыя дні пасля выбараў у Беларусі, нас вельмі ўзрушыла. Нястрымны гвалт, пра які мы не маглі чытаць нават у кнігах... Намі была зроблена спантанная спроба гэта ўсё спыніць. Стаяць убаку не хацелася, ды і як не зрабіць уклад у барацьбу з абсалютным злом, калі ты на гэта здольны? Тады, у пачатку жніўня, забастоўка магла закрыць усе пытанні.

Як ягняткі, што вераць шэраму ваўку, мы спадзяваліся на дыялог з кіраўніцтвам завода, але нас забалбаталі.

Сабралася каля 150 чалавек ад розных цэхаў. "Забастоўка, спыненне — гэта ўсё файна, — сказалі нам. — Вы разумееце, што застаняцеся без працы і без заробку. Але як вы можаце адказваць за ўсіх рабочых? Правядзіце галасаванне. Калі больш за дзве трэція будзе за забастоўку, мы вас падтрымаем і дапаможам".

З вечара мы дамовіліся, што будзем галасаваць. На заўтра кіраўніцтва заблакавала пропускі ўсіх, хто ў гэты дзень не працаваў. Адпаведна, прагаласаваць яны не змаглі. Гэта — палкі ў колы, здрада, ганьба. Калі ты людзям у вочы кажаш адно і ў цябе нібыта статус, а потым падманваеш і задаволена ўсміхаешся, маўляў "ха-ха, хлопцы, а я вас падмануў!".

Вчера — рабочий, сегодня — директор: история уволенного сотрудника “Гродно Азот”
Работнікі "Гродна Азот" / newgrodno.by

Калі раней быў хаця б мінімальны давер, пасля гэтага інцыдэнту стала зразумела: з гэтымі людзьмі няма пра што гаварыць. Яны нічога не вырашаюць. Гендырэктар так і сказаў. 


"Памятаю трывожнасць і чаканне чагосьці новага"

Для мяне апошняй кропляй сталі праверкі дзіцячага хоспіса. Там нешта шукалі... нейкае падвойнае падаткаабкладанне. Мала таго, што нам не даюць спакойна жыць, нам не даюць спакойна памерці. Нам наогул нічога нельга. Але раз нам нічога нельга, значыць, мы нічога не будзем рабіць. Гісторыя з хоспісам здарылася якраз напярэдадні Народнага Ультыматуму. Я зразумеў, што не змагу глядзець у вочы сваім дзецям і ўнукам, застаўшыся ў баку і працягнуўшы работу. Прыняў рашэнне, абмеркаваў яго з жонкай.

Я працаваў уночы з 25-га на 26-га. Шчыра спадзяваўся, што мой зменшчык не прыйдзе і я буду нешта рабіць, не ведаю... можа, спыняць цэх. Памятаю сваю трывожнасць і чаканне чагосьці новага і незразумелага — такое не забываецца. Я спадзяваўся, што гісторыя атрымае іншае развіццё, але раніцай мяне змянілі.

Я не ведаў, ці далучыліся нашы рабочыя да стачкі. Чуў, што на прахадной стаяў АМАП, забралі 50 чалавек. Кагосьці збілі, кагосьці адціснулі шчытамі на прахадную, маўляў, "ідзіце, с*кі, працуйце". Натуральна, насцярожыўся. Гэта было не падобна да таго, што адбывалася тут на працягу папярэдніх 18 гадоў, якія я працаваў.

Пераадзеўся, пайшоў да прахадной, каб трапіць дадому. Праходзячы праз прахадную ў 8:30, можна было трапіць на суткі. Каб стаць парушальнікам, досыць таго, што ты проста тут. Я застаўся чакаць з хлопцамі. Хадзіла інфармацыя, што, калі да 11:00 не будуць выкананыя ўмовы ўльтыматуму, нешта адбудзецца ў цэхах "Аміяк-3" і "Аміяк-4", разгрузка аж да далейшага спынення. Пакуль мы стаялі на прахадной, пачалі прыязджаць хлопцы, якіх забіралі ў міліцыю і якія вярнуліся на змену. Расказалі, што ім інкрымінавалі артыкул 23.34.


Усіх не заменіш

У той дзень у мяне паднялася тэмпература. Я патэлефанаваў начальніку і папярэдзіў, што на працу ўночы не выйду. У аўторак мне адкрылі бальнічны. Тады ж я зразумеў, што час далучацца да стачкі, няма чаго тут чакаць. Напісаў заяву, сфатаграфаваў, выклаў у сеціва і расказаў пра сваё рашэнне. Дакладна вырашыў, што на заводзе больш працаваць не хачу.

Вчера — рабочий, сегодня — директор: история уволенного сотрудника “Гродно Азот”
instagram.com/venskawoods/

У сераду, 28 кастрычніка, патэлефанавалі з завода, пыталіся, ці сапраўды я на бальнічным. Пазней даведаўся, што мяне звольнілі. Праверыў баланс карткі — узрадаваўся, што разлічылі. Неабходнасці падпісваць нейкія абходныя лісты не было, проста прыйшоў і забраў працоўную. Дакладна гэтаксама "за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве на заводзе" звольнілі майго сябра, які быў у адпачынку, але прыйшоў да прахадной падтрымаць рабочых. Са слоў былых калег, людзі пачалі сыходзіць, кагосьці запалохваюць звальненнем. Штука ў тым, што ўсіх не заменіш. Нават калі дзевяць жанчын адразу зацяжараць, яны ўсё роўна народзяць праз дзевяць месяцаў. Такая ж сітуацыя з новымі спецыялістамі. Нягледзячы на колькасць, на "Гродна Азот" усё вырашае тэхналагічны персанал. Калі хлопцы, занятыя на вытворчасці, скажуць "баста!", гэта будзе проста апошні цвік. Прытым неабавязкова, каб гэта зрабілі ўсе. "#Я/мыбацькі" могуць заставацца "#я/мыбацькамі" і сядзець на д*пе роўна. Дастаткова, каб сышлі ключавыя спецыялісты, якія цягнуць на сабе асноўную працу.

Вчера — рабочий, сегодня — директор: история уволенного сотрудника “Гродно Азот”
instagram.com/venskawoods/

Для таго каб закрыць сітуацыю па кадрах, у тым ліку на выпадак забастоўкі, кіраўніцтву трэба было прыдумаць нейкі план яшчэ пры першай хвалі каранавіруса.

Уявіце сітуацыю, калі 80 адсоткаў рабочых захварэлі або, крый божа, памерлі. Што рабіць? Кіраўніцтва пра гэта не думала і займалася чымсьці іншым. І цяпер яно таксама адцягвае рашэнне праблемы. Каб яе вырашаць, трэба нешта мяняць. Напрыклад, сказаць тым, хто кажа, маўляў, усіх, хто бастуе, трэба звольніць, што так нельга і гэта не працуе. 


Робіш учынак — прылятае бонус 

Мяне ўжо адпусціла. Пасля звальнення прачнуўся, умыўся халоднай вадой, паглядзеў у люстэрка і ўбачыў нармальнага чалавека. Мне не сорамна сустракаць знаёмых. Разумееце, я магу глядзець людзям у вочы! Не ў падлогу глядзець, а ў вочы. І ад гэтага вельмі добра. Заўсёды ёсць выбар: шкадаваць пра тое, што ты зрабіў ці не зрабіў. Хутка людзі пачнуць шкадаваць, што яны чагосьці не зрабілі. Але дастаткова было атрымаць запрашальны білет на прахадную 26 кастрычніка. Хто яго атрымаў і не зрабіў высноў — ну не ведаю. Пачуццё ўласнай годнасці — гэта крутая штука, і пра яго важна не забываць. Калі ты раб, натуральна, пасля ўсяго, што адбылося, ты вернешся і працягнеш працаваць.

Я ніколі не жыў адной працай на заводзе. Так, жонка цяпер у дэкрэтным адпачынку, малодшай дачцэ сем месяцаў, сыну 14 гадоў. Нас чацвёра і сабака, але мы вырашылі, што не прападзём.

Ужо два з паловай гады я зарэгістраваны як рамеснік. Працую з масівам і фанерай. Майструю пераважна цацкі. Гэта прыносіць нейкі даход і радасць людзям.

Вчера — рабочий, сегодня — директор: история уволенного сотрудника “Гродно Азот”
instagram.com/venskawoods/

Першую цацку, гэта быў драўляны пікап, зрабіў за тры дні. Прынёс паказаць хлопцам на завод — у мяне яго тут жа купілі за 8 рублёў. Тады я не ўяўляў, колькі яна можа каштаваць, але ведаў, колькі выдаткаваў на яе часу. Я паняцця не меў, як гэтым можна зарабляць на жыццё, а цяпер быццам бы ўжо разумею. Памяняўся станочный парк, тэхналогіі, якасць вырасла, я пачаў працаваць з колерам. Расце кліенцкая база, і пры гэтым ты кожны дзень прыходзіш у майстэрню і кайфуеш ад таго, што робіш. За гэтым заняткам можна праседзець 12 гадзін з кароткімі перапынкамі на каву.

Выразаю машынкі, лодкі (гэта наогул асобны свет!). Аўтазакі не майструю. Не люблю "кан'юнктурыць" і зарабляць на тым, што выклікае негатыўныя эмоцыі.

У мяне прынцып. У свой час мог бы рабіць танкі і на заказах фанатаў гульні World of tanks пабудаваць сабе дом. Але я гэтага не раблю. Я супраць гвалту ў любой форме. Для чаго танкі? Яшчэ ні адзін танк на пасадзіў ніводнай баразны бульбы, не пасеяў ці не сабраў ніводнага поля хлеба. Танк створаны для таго, каб намотваць кішкі на гусеніцу і шмалять з гарматы, каб яны разляталіся ў розныя бакі. Мне гэта не падабаецца.

Пасля таго як я сышоў з завода, на мяне абрынулася неверагодная падтрымка. Людзі заказваюць цацкі, купляюць, кажуць дзякуй. Ты бачыш, як у іх гараць вочы! Пытаеш, ці спадабалася машынка. Табе адказваюць: "Так, здорава, асабліва мужу!" І я разумею, што гэта крутая гісторыя. Вось ён, пераломны момант: робіш учынак — табе прылятае бонус.

Думаю, што пасля, ужо ў новай краіне, я адкрыю сваю вытворчасць. Дам людзям працу, яны будуць прыходзіць у майстэрню, рабіць крутыя рэчы, і адносіны ў нас там будуць такія, як у сям'і. Такі вось VenskaWoods! Яшчэ ўчора я быў простым рабочым, а ўжо сёння — дырэктар фабрыкі цацак. (Смяецца.) Страціць працу? Проста. Быў рабочым — стаў дырэктарам. Але зноў жа гэта ўсё будзе ў новай Беларусі з новымі законамі, якія будуць напісаныя для людзей. З магчымасцю прадаваць цацкі за мяжу і зарабляць грошы для гэтай краіны. Будзем рабіць добрыя справы, займацца дабрачыннасцю, але толькі — пасля перамогі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі