Уклаліся ў 10 хвілін: у СІЗА Брэста распісалі палітвязня і яго нявесту

Святаслаў Герасімук і Таццяна / t.me/viasna_brest​
Святаслаў Герасімук і Таццяна / t.me/viasna_brest​

У СІЗА-7 Брэста адбылася цырымонія шлюбу палітвязня Святаслава Герасімука і яго нявесты Таццяны, паведамляюць брэсцкія праваабаронцы.

Герасімука абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках па ч.2 арт. 293 КК РБ. Следства мяркуе, што ён скокнуў на міліцэйскі шчыт падчас акцыі 10 жніўня на вуліцы Машэрава ў Брэсце.  

Святаслаў і яго дзяўчына знаёмыя каля 5 гадоў. У студзені ў адным са сваіх лістоў ён прапанаваў Таццяне выйсці за яго замуж. Таццяна, нягледзячы ні на што, пагадзілася, таму што "гэта толькі часовыя цяжкасці, якія трэба пераадолець. Галоўнае не здавацца і працягваць ісці наперад. Бо за сваё шчасце трэба змагацца", патлумачыла нявеста.

Паводле яе слоў, цырымонія шлюбу заняла каля 10 хвілін.

"Але гэтыя 10 хвілін упершыню за 3 месяцы далі магчымасць адчуць сябе шчаслівай", — прызналася Таццяна.

Уложились в 10 минут: в СИЗО Бреста расписали политзаключённого и его невесту
Таццяна пасля цырымоніі ў СІЗА / t.me/viasna_brest

Паводле яе слоў, сукамернікі дапамаглі Святаславу падрыхтуецца да цырымоніі — да нявесты жаніх выйшаў у джынсах, пінжаку і чаравіках. "Дарэчы, я ніколі да гэтага моманту не бачыла яго ў дзелавым стылі", — распавяла Таццяна.

Маладыя выслухалі прамову супрацоўніцы ЗАГСа, абмяняліся пярсцёнкамі і пацалаваліся, яшчэ паспелі абняцца, пасля чаго Святаслава адвялі назад. На выхадзе з СІЗА Таццяну сустрэлі сябры з кветкамі.

Санкцыя па артыкуле, па якім абвінавачваюць Святаслава Герасімука, прадугледжвае ад 3 да 8 гадоў пазбаўлення волі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі