Украіна распачала крымінальную справу па факце выкрадання журналісткі Hromadske
Вікторыя Рошчына ў студыі "Грамадскага"
Пракуратура Запарожскай вобласці ўзбудзіла крымінальную справу па факце выкрадання журналісткі "Грамадзкага тэлебачання" Вікторыі Рошчынай, паведамляецца ў ТГ-канале ведамства. Следства вядзецца па артыкуле аб парушэнні законаў і звычаяў вайны (частка 1 артыкула 438 КК Украіны).
"Паводле звестак следства, 15 сакавіка 2022 года прадстаўнікі ФСБ і ўзброеных сіл краіны-агрэсара выкралі ў горадзе Бердзянску журналістку "Грамадзкага", якая рыхтавала матэрыялы аб ваенных дзеяннях на ўсходзе і поўдні Украіны. Пакуль яе месца знаходжання невядома", — паведамляецца ў заяве пракуратуры.
Дасудовае расследаванне вядуць следчыя СБУ ў Запарожскай вобласці.
Апошні раз Вікторыя выходзіла на сувязь з рэдакцыяй "Грамадзкага" 11 сакавіка. У гэты дзень выданне апублікавала яе тэкст аб тым, як жыве часова акупаваны Энергадар.
"Двое сутак мы прыкладалі ўсе намаганні, каб вызваліць журналістку непублічным спосабам. Але гэта аказалася безвыніковым. Таму заклікаем украінскую і міжнародную супольнасць далучыцца да вызвалення журналісткі Hromadske Вікторыі Рошчынай", — гаворыцца ў заяве рэдакцыі.
Аб месцы знаходжання Вікторыі Рошчынай нічога не вядома з 12 сакавіка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.