Украіна разлічвае на дапамогу ЕС ва ўмацаванні мяжы з Беларуссю
Урсула фон дэр Ляйен і Уладзімір Зяленскі / president.gov.ua
Магчымую дапамогу Кіеву ва ўмацаванні мяжы з Беларуссю абмеркавалі падчас тэлефоннай размовы прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і кіраўнік Еўрапейскай камісіі (ЕК) Урсула фон дэр Ляен. Пра гэта паведамляе прэс-службы ўкраінскага лідара.
Падчас размовы "абмяркоўваліся шляхі пашырэння супрацоўніцтва паміж Украінай і Еўрасаюзам у міграцыйнай сферы і магчымасці прыцягнення дапамогі ЕС для ўладкавання ўкраінска-беларускай мяжы", адзначаецца ў паведамленні.
Бакі прыйшлі да высновы, што "гэтая сітуацыя [міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі з краінамі ЕС — Еўрарадыё] з'яўляецца гібрыднай атакай, якая патрабуе сумесных намаганняў і ўзаемадзеяння".
Крызіс на мяжы Беларусі з Латвіяй, Літвой і Польшчай рэзка абвастрыўся 8 лістапада. Некалькі тысяч чалавек падышлі да польскай мяжы ў раёне беларускага Гродна. У аўторак 16 лістапада была зробленая спроба сілавога пранікнення на тэрыторыю Польшчы — частка мігрантаў спрабавала зламаць загароды на мяжы, кідала ў прадстаўнікоў польскіх службаў камяні і бярвёны. Польскі бок у адказ вымушаны быў ужыць газ і вадамёты.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.