Украінскія сцягі на “Мінск-Арэне” забаранілі для зручнасці гледачоў

Юбілейны канцэрт культавага ўкраінскага гурта “Океан Эльзи” прайшоў ўвечары, 21 лістапада, на “Мінск-Арэне” і сабраў аншлаг.

Некаторыя прыхільнікі гурта спрабавалі прайсці на канцэрт з дзяржаўнымі сцягамі Украіны, аднак яшчэ на ўваходзе ў будынак байцы АМАПа патрабавалі здаць сцягі ў камеру захоўвання і зняць з сябе жоўта-блакітныя стужкі.

Намеснік генеральнага дырэктара спарткомплекса “Мінск-Арэна” Мікалай Сергіенка ў каментарыі БелаПАН заявіў, што ў іх забаронена правядзенне мітынгаў ці маніфестацый:

“Калі б у гледачоў былі сцягі іншых дзяржаў, маглі б адбыцца розныя палітычныя акцыі. Але сцягі ахова прапаноўвала здаць у камеру захоўвання”, — кажа Сергіенка.

Таксама высветлілася, што адміністрацыя “Мінск-Арэны” ўзгадняла з украінскім гуртом, каб яны “не спявалі пэўныя песні”. Рашэнне не пускаць людзей са сцягамі Украіны на “Мінск-Арэну” было прынятае ўпраўленнем унутраных спраў Мінгарвыканкама.

"Перад канцэртам гледачоў сапраўды настойліва прасілі пакідаць у камерах захоўвання розныя прадметы, якія могуць перашкодзіць адзін аднаму бачыць канцэрт: сцягі, расцяжкі і ўсё іншае. Настойлівыя просьбы да наведвальнікаў канцэрта рабіліся выключна ў мэтах бяспекі, не больш за тое", — цытуе tut.by словы прэс-сакратара ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандра Ластоўскага.

Тым часам, міністэрствы замежных спраў Беларусі і Украіны абмеркавалі скандал у Твітары. Прэс-сакратар украінскага ведамства Яўген Перабейніс першым спытаў у калег з Беларусі, прычым, на беларускай мове:

"Калегi, гэта нармальна? Няўжо ўкраiнскi сцяг забаронены у Беларусi?".

Наш МЗС адказаў наступным чынам, таксама па-беларуску:

“Па дадзеных МУС, калi на канцэрце аншлаг, тое самае было б і з нашым сцягам, каб не замінаў гледачам. Любяць у нас Океан Эльзи!".

На што Перабейніс напісаў з недаверам недаверлівым:

"Дзякуй за адказ, але не магу сабе ўявіць, каб міліцыя з такім жа азвярэннем і непавагай паводзіла сябе з беларускім сцягам".

Тым часам некаторыя з аматараў гурта “Океан Эльзи”, якія не змаглі пранесці на канцэрт жоўта-блакітныя сцягі, ужо рыхтуюць скаргу на дзеянні міліцыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі