Уладзімір Каранік расказаў, чаму не забраў сям'ю ў Гродна

Уладзімір Каранік з сям'ёй / ctv.by​
Уладзімір Каранік з сям'ёй / ctv.by​

Уладзімір Каранік жыве і працуе ў Гродне ўжо больш за паўгода, яго сям'я пры гэтым засталася ў Мінску, расказаў ён у інтэрв'ю тэлеканалу СТБ.

У жніўні 2020 года Аляксандр Лукашэнка зняў Караніка з пасады міністра аховы здароўя і адправіў у Гродна на пасаду старшыні аблвыканкама.

"Пакуль яны (сям'я — Еўрарадыё) засталіся ў Мінску. У мяне яшчэ дастаткова маленькія дзеці. Старэйшаму 13 гадоў, малодшай — 9. Вучацца ў школе, таму палічылі, што нельга адразу мяняць школу, улічваючы, што першыя месяцы працы найбольш інтэнсіўныя, трэба знаёміцца з рэгіёнам, з прадпрыемствамі", — расказаў Каранік.

Паводле яго слоў, ён позна вяртаўся дадому і ў Мінску, калі працаваў кіраўніком Міністэрства аховы здароўя.

"Так і вызначылі, якая розніца, дзе яны мяне не будуць бачыць: дома ў Мінску ці дома ў Гродне", — сказаў ён. Пры гэтым прызнаўся, што сям'я прыязджае да яго на выходныя.

Каранік родам з Гродна. Хоць прызначэнне, прызнаўся ён, было для яго нечаканым, усё ж такі ён медык. Пры гэтым Каранік нагадаў, што апошні раз працаваў лекарам каля 10 гадоў таму, потым на кіраўнічых пасадах больш займаўся арганізатарскай працай, у тым ліку ў апошні час — дзяржкіраваннем.

"Было прынятае рашэнне, што мой вопыт дзяржаўнага кіравання трэба прымяняць на гэтай пасадзе", — патлумачыў Каранік.

На пытанне, гэта паніжэнне ці павышэнне, кажа, што гэта "новы выклік, новы ўчастак працы, дзе трэба сябе адэкватна паказаць".

Журналістка таксама спытала ў Караніка пра страхі. Ён прызнаўся, што больш за ўсё баіцца за сям'ю. А на пытанне пра яго разуменне поспеху кіраўнік аблвыканкама чамусьці адказаў: "Калі не сорамна за свае ўчынкі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі