Упэўнены, гэта праўда: шведскі журналіст пра артыкул пра згвалтаваную беларуску

Сілавік на акцыі пратэсту ў жніўні / "Радыё Свабода"
Сілавік на акцыі пратэсту ў жніўні / "Радыё Свабода"

Жудасную гісторыю пра згвалтаванне беларускі Хрысціны (пад такім псеўданімам яе схавалі журналісты) апублікаваў шведскі партал ETC.se. Многія беларускія медыя перадрукавалі пераклады гэтага артыкула. Але ў многіх ён выклікаў сумневы.

З аднаго боку, падобныя зверствы сілавікоў страшна ўявіць, у іх не хочацца верыць на фізіялагічным узроўні. З другога, прадстаўнікі беларускіх уладаў — Уладзімір Каранік, Наталля Качанава — некалькі разоў паўтарылі, што пры задушэнні пратэстаў ніхто згвалтаваны не быў. Сумневы паўсталі і ў Еўрарадыё. Таму мы звязаліся з аўтарам публікацыі — галоўным рэдактарам ETC.se Андрэасам Густаўсанам — і распыталі, як ён збіраў інфармацыю для артыкула.

"Уверен, это правда": шведский журналист — о статье про изнасилованную белоруску

"Я звязаўся з Хрысцінай пры дапамозе яе сябра, які пераехаў у Швецыю", — тлумачыць Густаўсан. Журналіст сам размаўляў з Хрысцінай, але не асабіста — анлайн. Пры гэтым ён меў магчымасць убачыць, што яна сапраўды страціла практычна ўсе зубы.

Таксама Густаўсан падкрэслівае, што ў яго ёсць інфармацыя пра даты таго, што адбылося, ёсць усе адрасы. Ёсць і медыцынскія дакументы, якія перадала яму дзяўчына.

"Я даў шведскаму лекару прааналізаваць іх — і так, гэты лекар сказаў, што яны адпавядаюць траўмам пасля сексуальнага гвалту і выкарыстаная [ў дакументах. — Еўрарадыё] мова была прафесійная і дакладная", — адзначае журналіст.

На беспасярэдняе пытанне пра тое, ці ўпэўнены ён у праўдзівасці гісторыі, Густаўсан адказаў: "Так, я ўпэўнены, што гэта гісторыя праўдзівая".

Густаўсан паабяцаў звязацца як з лекарам, так і з самой дзяўчынай і ўдакладніць, ці гатовыя яны пагутарыць з іншымі СМІ. Калі ў Еўрарадыё атрымаецца гэта зрабіць, мы абавязкова апублікуем падрабязнасці гісторыі.

Пра што напісалі ў ETC?

Выданне піша, што Хрысціна была затрыманая падчас адной з акцый пратэсту. Сцвярджаецца, што ў "пакоі для допытаў" яе гвалтавалі сілавікі.

"Анус, похва, рот. Яны выкарыстоўвалі свае дубінкі. Спачатку яна думала, што яны будуць біць яе па спіне, можа быць, па нагах. Але замест гэтага яны спусцілі з яе штаны. Яна крычала і маліла. Расказала ім, дзе яна нарадзілася, чаму вучылася ва ўніверсітэце, якую футбольную каманду падтрымлівае — усё, што яна магла прыдумаць, каб знайсці агульную мову з адным з мужчын",піша ETC.

Акрамя таго, як сцвярджае партал, дзяўчыну білі, праз гэта ў яе засталося толькі пяць зубоў. Потым яе адпусцілі, хтосьці адвёз у бальніцу, дзе зрабілі экстранную аперацыю і нібыта пераліванне крыві. "У рэшце рэшт яе забралі бацькі. Яна ўсё яшчэ з імі цяпер, у асноўным прыкаваная да ложка", — сцвярджае партал.

Гісторыя выклікае сумневы не толькі праз апісаную жорсткасць, у якую складана паверыць, але і праз паслядоўнасць падзей. Выходзіць, што збітую і згвалтаваную дзяўчыну выпусцілі з аддзялення або з СІЗА, пасля чаго незнаёмцы адвезлі яе ў бальніцу. Потым ёй аказалі дапамогу, а тады адпусцілі з бацькамі. Аднак за ўвесь гэты час (а з дня выбараў прайшло амаль чатыры месяцы) ні ад тых, хто дапамагаў Хрысціне, ні ад лекараў, ні ад бацькоў не было ніякай публічнай інфармацыі.

Калі ў вас ёсць нейкія падрабязнасці гэтай гісторыі, звяжыцеся з рэдакцыяй у "Тэлеграме": @euroradio_minsk.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі