"Упэўнены, што будуць прынятыя рашэнні адносна Беларусі" — Зяленскі ў Бруселі
"Абавязкова настане час і вольнай Беларусі, Беларусі ў Еўропе"
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі чарговы раз згадаў Беларусь і беларусаў. 27 чэрвеня ён завітаў у Брусель, дзе праходзіць саміт ЕС. Еўрасаюз і Украіна падпісалі пагадненне аб гарантыях бяспекі. У сваім выступе Зяленскі гаварыў не толькі пра Украіну, але і пра іншыя народы, якія змагаюцца за свабоду. Паводле яго слоў, "кожная еўрапейская нацыя, якая падзяляе агульныя еўрапейскія каштоўнасці, павінна быць часткай еўрапейскай сям'і". Ён згадаў Малдову, Балканы, Грузію.
"Я ўпэўнены, што момант Грузіі наступіць, і я ўпэўнены, што будуць прынятыя рашэнні адносна Беларусі, таму што гэта таксама еўрапейская нацыя, якая ў будучыні павінна быць у аб'яднанай Еўропе", — заявіў Уладзімір Зяленскі. Перамовы мусяць пачацца адразу "пасля вызвалення ад расійскай дэ-факта акупацыі". Гэта пачулі ўсе прысутныя на саміце ЕС.
Раней Уладзімір Зяленскі неаднаразова выказваўся пра будучыню Беларусі. У чэрвені ў Берліне на Міжнароднай канферэнцыі па аднаўленні Украіны ён адзначыў: "Абавязкова настане час і вольнай Беларусі, Беларусі ў Еўропе". У траўні Зяленскі сказаў, што РБ павінна стаць часткай Еўрасаюза. У пачатку года ў Вільні ён згадаў "дзень новага шанцу для Беларусі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.