Уручэнне прэміі Гедройца перанеслі на верасень

Уручэнне прэміі Гедройца перанеслі на верасень

Уручэнне літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца сёлета пройдзе ў верасні. Пра гэта паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на Беларускі ПЭН-цэнтр, які выступае адным з заснавальнікаў прэміі. Летась узнагароду ўручалі ў чэрвені.

На сённяшні дзень не вызначаны склад журы сёлетняй прэміі, а таксама не апублікаваны лонг-ліст кніг, аўтары якіх прэтэндуюць на ўзнагароду. Паводле старшыні Беларускага ПЭН-цэнтра Андрэя Хадановіча, прэмія сёлета “абавязкова будзе”. Ён абяцае, што новая інфармацыя з’явіцца на наступным тыдні.

Літаратурная прэмія Гедройца прысуджаецца штогод за найлепшую кнігу, якая была выдадзеная (у папяровым або электронным варыянтах) на беларускай мове ў жанрах “мастацкая проза” або “эсэістыка”. Намінаванне праходзіць у тры этапы. Спачатку абвяшчаецца лонг-ліст прэміі (12 пазіцый), за ім — шорт-ліст (6 пазіцый). З шорт-ліста выбіраюць пераможцу, а таксама вызначаюць уладальнікаў другога і трэцяга месца.

Пераможца атрымлівае 10 тысяч еўра. Сярод узнагародаў прызёраў — магчымасць выдаць кнігу ў Польшчы, літаратурныя стыпендыі і запрашэнні ў еўрапейскія дамы творчасці.

Пераможцамі прэміі былі Павел Касцюкевіч, Уладзімір Някляеў, Ігар Бабкоў і Віктар Казько.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі