Усе незадаволеныя кнігай пра гісторыю беларускай фатаграфіі. Чаму так?
Кніга "Гісторыя беларускай фатаграфіі" / facebook.com/mfm.by/
25 студзеня ў Мінску прайшла прэзентацыя кнігі "Гісторыя беларускай фатаграфіі". У той жа вечар адвакат Марыя Колесава-Гудзіліна заўважыла, што ў кнізе не пазначаныя аўтары некаторых вядомых здымкаў. А там, дзе аўтары невядомыя, няма спасылкі на крыніцу запазычання, няма сістэмы пазначэння аўтарства і пад аднымі здымкамі пазначаны аўтар, а пад іншымі — не:
"Акрамя таго, з некаторымі аўтарамі не былі заключаныя ніякія пагаднення. Нават на бязвыплатнае выкарыстанне фотаздымкаў. Пра ўзнагароду — маўчу", — напісала Марыя на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку".
У каментары Еўрарадыё Колесава-Гудзіліна распавяла, што як мінімум з яе мужам, фатографам Сяргеем Гудзіліным, ніхто з датычных да кнігі ніякіх пагадненняў не падпісваў. Пры гэтым яго фотаздымкі ў зборніку ёсць.
Таксама выявілася, што ў выдання няправільны ISBN. Указаны ў выходных дадзеных нумар належыць "Іліядзе" Гамера, якая выйшла ў расійскім выдавецтве "Азбука".
У кніжнай палаце Беларусі нам патлумачылі, што памылкі з ISBN здараюцца: "Часам такое бывае ненаўмысна. Але калі там зусім розныя [кнігі], то гэта можа быць наўмысна. І ён [нумар. — Еўрарадыё] тады выкарыстоўваецца неправамерна".
ISBN даецца кнізе раз і назаўсёды, яго нельга забраць у старога выдання і перадаць новаму. Складальнікі "Гісторыі беларускай фатаграфіі" ў хуткім часе прызналі, што нумар быў указаны няправільна, і назвалі гэта тэхнічнай памылкай.
30 студзеня куратаркі праекта публічна прызналі, што дапусцілі падчас падрыхтоўкі зборніка шэраг памылак:
"Паверце, ўсе яны не былі чыімсьці намерам, а сталі хутчэй следствам неспрактыкаванасці, паколькі гэта быў першы такога роду глабальны і манументальны праект нашай творчай каманды. Пад некаторымі фотаздымкамі ў кнізе аказаліся неадзначанымі аўтары фотаздымкаў, хоць спасылкі на аўтараў маюцца ў тэксце, з некаторымі аўтарамі не зусім выразна ўзгодненыя факт і спосабы выкарыстання фатаграфічнага матэрыялу".
Яны заклікалі ўсіх, хто атрымаў або купіў кнігі, вярнуць іх:
"Творчым калектывам выдання прынята рашэнне спыніць любое далейшае распаўсюджванне дадзенага накладу. Мы разумеем, што вярнуць усе асобнікі накладу можа выявіцца немагчымым. Тым не менш мы просім усіх грамадзян, якія аказаліся ўладальнікамі асобніка кнігі, вярнуць іх".
“Гісторыі краіны і няма... Беларусі зноў няма”
Куратаркі праекта Антаніна Сцебур і Ганна Самарская выказалі ідэю "Гісторыі беларускай фатаграфіі" даволі проста: "Уключэнне выключаных імёнаў і падзей, а таксама разуменне, што сама фатаграфія заўсёды ўпісана ў шырокі гістарычны, сацыяльны, палітычны, ідэалагічны, эканамічны кантэкст".
Але фотасупольнасць Беларусі ўспрыняла кнігу ў штыкі. Фатограф Дзмітрый Брушко звярнуў увагу, што ў зборніку адсутнічае фотажурналістыка, а значыць, і гісторыя Беларусі:
"Тры гады працы, дзясяткі мастацтвазнаўцаў, прэтэнцыёзная назва. Але ў кнізе ў прынцыпе адсутнічае фотажурналістыка. Чытаю гэтую кнігу пра гісторыю, і застаецца адчуванне, што гісторыі краіны і няма... Беларусі зноў няма.
Не было праведзена наогул ніякага аналізу архіваў фотажурналістаў, нас усіх як быццам няма ў гісторыі беларускай фатаграфіі. Мне складана прыняць, што ў чарговы раз наша такая зручная "фотатусовачка" робіць адны і тыя ж памылкі, якія могуць прывесці да страты крытычна важных фотаархіваў. Страціўшы гэтыя архівы, мастацтва Беларусі будзе выглядаць яшчэ больш бледным, чым зараз".
Рэпартажны фатограф Аляксей Мацюшкоў заявіў, што за тры гады падрыхтоўкі кнігі ні разу пра яе не чуў, а цяпер расчараваўся у выданні, не ўбачыўшы там дакументальнай фатаграфіі: "Кніга "Гісторыя беларускай фатаграфіі" атрымалася вельмі аднабаковай.
Няма рэпартажнай сферы, няма класікаў і настаўнікаў дакументальнай фатаграфіі. Віктара Стралкоўскага, Сяргея Брушко, Віктара Драчова, Сяргея Грыца, Васіля Фядосенкі і іншых. Толькі людзі, дзеячы, якія стваралі творчыя праекты і выставы".
Фатограф і фотакрытык Валерый Вядрэнка дадаў сваю "лыжку дзёгцю":
"Напісаць "Гісторыю беларускай фатаграфіі" без падзелу на напрамкі — умоўна: рэпартажную, творчую, мастацкую, камерцыйную, публіцыстыка, крытыка і г. д. — немагчыма. Гэта як ахапіць неабсяжнае. І ў кожнага напрамку — свая гісторыя, прычым яе персанажы могуць прысутнічаць у 2-3 кірунках. Гэта складаны працэс. Калі за справу бяруцца толькі таму, што з'явіліся бабкі, — вынік прадвызначаны".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.