“Усе з’ехалі адсюль. Усе, хто мог”. Як жыве “літоўскі Астравец”

“Усе з’ехалі адсюль. Усе, хто мог”. Як жыве “літоўскі Астравец”

Еўрарадыё працягвае серыю “атамных” рэпартажаў. Мы раскажам вам, як кожны ахвотны можа трапіць на сапраўдную АЭС, у чым адрозненне паміж адкрытасцю Беларускай АЭС і станцый у Еўрасаюзе, параўнаем жыццё ў “атамных” гарадках Беларусі і Літвы, а таксама пакажам, як знутры выглядае Ігналінская АЭС. У першым рэпартажы можна пачытаць аб тым, з чым сутыкнецца “атамны” турыст, калі захоча наведаць сапраўдную атамную электрастанцыю. Гэта наш другі “атамны” тэкст. У ім пра жыццё ў Вісагінасе — літоўскім атамным горадзе.

Невялікі аднапавярховы будынак, прыбіральня-шпакоўня, вышка сотавай сувязі. Іржавы аўтобусны прыпынак. А навокал — лес. Так выглядае чыгуначны вакзал Вісагінаса — літоўскага атамнага горада. Адзінага населенага пункта ў Літве, дзе рускамоўнага насельніцтва ў разы больш, чым карэннага. І нават беларусаў амаль столькі ж, колькі літоўцаў.

“Усе з’ехалі адсюль. Усе, хто мог”. Як жыве “літоўскі Астравец”
Фота maps.google.com

Дабрацца да Вісагінаса з Вільні можна грамадскім, альбо асабістым транспартам. Цягнік ходзіць двойчы на дзень. Стары рыжскі дызель з падноўленым інтэр’ерам цягнецца па аднакалейцы ажно 2,5 гадзіны. Каштуе нязвыклыя для беларуса 5,5 еўра. Па дарозе можна любавацца звышдэпрэсіўнымі пейзажамі. Панылы лес замяняецца іржавымі індустрыяльнымі краявідамі. Маршруткай ці на аўто да Вісагінаса можна дабрацца крыху хутчэй. Калі едзеце на аўтамабілі з беларускімі нумарамі, можаце пазнаёміцца з літоўскімі памежнікамі. Зусім побач з Вісагінасам адразу дзве дзяржаўныя мяжы — з Беларуссю і з Латвіяй. Гэта самы ўсходні вялікі населены пункт Літвы.

“Усе з’ехалі адсюль. Усе, хто мог”. Як жыве “літоўскі Астравец”
Вісагінас не толькі самы рускі горад Літвы, але, відаць, і самы зялёны. Фота maps.google.com

Знаёмства з мясцовым каларытам пачынаецца размовай з таксістам:

— Усе з’ехалі! Усе, хто мог! А што тут рабіць? Ты вось прыехаў, назад паедзеш. Я крыху зараблю. І ўсё, буду стаяць цэлы дзень. Ну, можа, яшчэ хто паедзе на вакзал.

— Так усё дрэнна ў вас?

— Ну а што? А што? Адкуль яно тут будзе добра? Працы няма, маладыя ў Вільню едуць адразу вучыцца, хто разумнейшы. Хто не — працаваць. Спачатку ў Вільню, потым у Італію ці яшчэ куды. Нават да вас у Беларусь едуць, на станцыю ў Астравец. Хто можа, у каго пашпарт беларускі ці расійскі.

У эмацыйным спічы кіроўцы таксі шмат праўды. Яшчэ ў сярэдзіне 90-х у Вісагінасе (тады горад называўся Снечкус, у гонар літоўскага камуніста Антанаса Снечкуса) жыло больш за 36 тысяч чалавек. Цяпер — менш за 19 тысяч. І іх колькасць пастаянна зніжаецца. Па афіцыйнай статыстыцы, больш за 56% мясцовых называюць сябе рускімі. Прыкладна па 10% — беларусамі і палякамі. Літоўцаў усяго 16%. Беларусам аказваецца і мой кіроўца. Віктар нарадзіўся ў вёсцы Камарова на мяжы Віцебскай і Гродзенскай абласцей. Цяпер падумвае вярнуцца на радзіму:

— А што мне тут рабіць? Зарплата ў людзей па 350-400 еўра. Калі хто 500 мае — гэта добра ўжо. Камуналка зімой да 150 даходзіць.

— А на станцыі больш?

— Ну, на станцыі, канечне, больш. Яны там і па 1000 атрымліваюць, відаць. Але як туды ўладкавацца? Ды і яны самі бягуць ужо хто куды. Спецыялісты ж харошыя. Хто ў Нарвегію едзе на атамныя станцыі, хто яшчэ куды.

— А што людзі гавораць пра закрыццё станцыі? (з 2009 года Ігналінская АЭС фактычна працуе ўхаластую — рэактар адлучаны ад генератара і не выпрацоўвае электрычнасці).

— Людзі гавораць, што наш урад зрабіў вялікую дурасць. Паслухалі Еўрасаюз, адключылі станцыю і цяпер самі купляюць электраэнергію. А раней мы іншым яе прадавалі. Вось ты сам падумай, дурасць гэта ці не? Станцыя круціцца ўхаластую, сама энергію спажывае. Дурасць!

— Пра нашу Астравецкую АЭС што думаеце?

— Думаю, што ваш Лукашэнка — маладзец. Нашы адключылі сваю, ён зараз будзе нам прадаваць энергію, у Латвію. У вас увогуле ўлады стараюцца развіваць ўсё. А ў нас толькі закрываюць і закрываюць.

— А вы даўно ў Беларусі былі?

— Месяц назад. У мяне дачка ў Мінску педуніверсітэт скончыла. Цяпер працуе там у школе. Заробак — 3 мільёны 400 тысяч.

“Усе з’ехалі адсюль. Усе, хто мог”. Як жыве “літоўскі Астравец”
“Усе з’ехалі адсюль. Усе, хто мог”. Як жыве “літоўскі Астравец”
“Усе з’ехалі адсюль. Усе, хто мог”. Як жыве “літоўскі Астравец”
Горад у літаральным сэнсе збудаваны сярод лесу.

У Вісагінас Вктар перабраўся на пачатку 80-х. Тады заснаваны ў 1975 годзе горад толькі-толькі абжываўся і называўся ў гонар кіраўніка кампартыі Літвы ў 1940—1974 Антанаса Снечкуса. У Снечкус ехалі з усяго СССР — горад будавалі з нуля пасярод сасновага лесу на беразе возера. Два кіламетра ад чыгункі Вільня — Ленінград, восем км да возера Дрысвяты і Ігналінскай АЭС. Тры сотні 5- і 9-павярховых, самых сучасных на той момант дамоў, усяго трынаццаць вуліц, новыя і зручныя школы, бальніцы, дзіцячыя садкі. Сапраўдная казка.

Казка скончылася з развалам СССР. Спачатку горад перайменавалі са Снечкуса ў Вісагінас. А калі стала вядома аб планах закрыцця АЭС, з горада паступова пачалі з’язджаць людзі. У 1996 годзе тут жыло 36 100 чалавек. У 2001 — ужо менш за 29 тысяч. За апошнія 10 гадоў толькі афіцыйна з Вісагінаса з’ехала 25% насельніцтва. Пэўны час Літва планавала замест Ігналінскай АЭС разам з Латвіяй і Японіяй пабудаваць тут новую Вісагінскую атамную станцыю. Аднак з часам ад гэтых непад’ёмных для літоўскага бюджэту планаў адмовіліся. Цяпер адзінае буйное прадпрыемства, якое можа спыніць выміранне горада, — сховішча для ядзерных адходаў, пабудаванае побач са станцыяй. Тут збіраюцца захоўваць як адпрацаванае паліва і радыеактыўныя матэрыялы з Ігналінскай АЭС, так і з іншых станцый. Дакладны тэрмін канчатковага закрыцця Ігналінскай АЭС называць пакуль рана. Супрацоўнікі станцыі расказваюць, што працы па дэмантажы і дэзактывацыі старога абсталявання могуць зацягнуцца на гады. Папярэдне гавораць пра 2038-ы. І гэта пры ўмове, што будзе неабходнае фінансаванне, спецыялісты.

“Усе з’ехалі адсюль. Усе, хто мог”. Як жыве “літоўскі Астравец”
“Усе з’ехалі адсюль. Усе, хто мог”. Як жыве “літоўскі Астравец”
Тыповая забудова.
“Усе з’ехалі адсюль. Усе, хто мог”. Як жыве “літоўскі Астравец”

У невялікай піцэрыі, куды заходжу паабедаць, меню толькі па-руску. Побач за столікам штосьці святкуе шумная кампанія немаладых мужыкоў. Таксама славяне. Афіцыянт размаўляе без намёку на літоўскі акцэнт. З дзясятка чалавек, з якімі размаўляю ў Вісагінасе, літоўцамі аказваюцца толькі два супрацоўнікі АЭС. Не дзіва, што ў Вісагінасе на адзін касцёл прыпадае дзве праваслаўныя царквы. З цікавостак — менавіта тут нарадзілася самая вядомая ў Беларусі літоўская спявачка Аліна Арлова. Хаця ў яе з літоўскай акурат усё ок.

Цэны ў літоўскім атамным горадзе — прыкладна як у беларускай сталіцы і мала адрозніваюцца ад віленскіх. Абед у кавярні — 6-8 еўра, хлеб-малако — за 1, кілаграм курынага філе — за 3,5. Значна даражэйшае паліва і камунальныя плацяжы. Робіцца зразумела, чаму мясцовым не асабліва хапае заробку ў 400 еўра. Нават супрацоўнікі АЭС расказваюць, што час ад часу ездзяць на закупы праз усю краіну ў польскі Аўгустаў, там значна танней.

Па дарозе на вакзал знаёмлюся з яшчэ адным мясцовым жыхаром. Ён прадстаўляецца Уладзімірам і мае усходнюю знешнасць. Расказвае, што хутка зноў паедзе ў Мілан на працу, толькі трохі адпачне. Даведаўшыся, што я з Мінска, настальгічна ўспамінае паездкі ў сталіцу Беларусі яшчэ за савецкім часам. “Даўно ў вас не быў, вельмі даўно. Мне цяпер у Італію прасцей паехаць, чым у Беларусь. Кажуць, што вельмі добра там у вас людзі жывуць. Праўда?” — пытаецца мой суразмоўца. “Нармальна, — адказваю. — Нармальна жывецца”. А сам задумваюся, які лёс чакае беларускі Астравец гадоў праз 30-35.

“Усе з’ехалі адсюль. Усе, хто мог”. Як жыве “літоўскі Астравец”
Аўтапарк жыхароў Вісагінаса такі ж, як у беларусаў.
“Усе з’ехалі адсюль. Усе, хто мог”. Як жыве “літоўскі Астравец”
Дзіцячая пляцоўка.
“Усе з’ехалі адсюль. Усе, хто мог”. Як жыве “літоўскі Астравец”
Месцамі Вісагінас зусім не адрозніваецца ад нейкага беларускага райцэнтра.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі