Успышка каранавіруса ў Іране: відавочцы — пра тое, што цяпер адбываецца
Каранавірус у Іране / Reuters
Іран — у спісе краін з найбольш небяспечнай сітуацыяй па новым каранавірусе. Лік заражэнняў перавысіў 3000, вірус распаўсюдзіўся па ўсёй дзяржаве і атакаваў нават членаў урада. Але калі сюжэты пра тое, як з праблемай спраўляюцца італьянцы і кітайцы, мы бачым кожны дзень, то пра арабскую рэспубліку інфармацыі зусім няшмат. Пры гэтым хуткасць распаўсюджвання віруса і колькасць смерцяў (ужо 92) ад COVID-19 у гэтым рэгіёне — палохаюць.
Еўрарадыё звязалася з жыхарамі Ірана і распытала пра тое, як народ рэагуе на сітуацыю, якая склалася і якія захады робіць урад.
"Не хапае ахоўных касцюмаў для дактароў"
Аіда — іранка па нацыянальнасці — ужо некалькі гадоў пражывае ў Беларусі. У Іране ў яе засталіся сваякі і сябры, якія штодня дзеляцца з ёй навінамі пра COVID-19. Па словах дзяўчыны, калі спачатку іранцы да праблемы паставіліся несур'ёзна, то цяпер на вуліцах адчуваецца паніка:
— Калі яны даведаліся, што вірус распаўсюдзіўся па ўсіх гарадах, то пачалі закупляць маскі і прадукты. Ежа, дарэчы, пасля гэтага падаражэла. Людзі стараюцца сядзець дома і нікуды не выходзіць. Мае сяброўкі пісалі, што школы не працуюць ужо два тыдні і да траўня будуць дакладна закрытыя. Таксама вельмі шмат хто вырашыў не працаваць і нікуды наогул не выходзіць, дома ўсе стараюцца часта рабіць вільготную прыборку. У крамах і іншых грамадскіх месцах перад уваходам правяраюць тэмпературу, кажуць скарыстацца антыбактэрыяльным гелем. Ведаю, што ў бальніцах цяпер вельмі складаная сітуацыя. Дактарам не стае ахоўных касцюмаў, — расказала Еўрарадыё Аіда.
У Тэгеране стала ціха, машын на вуліцах амаль няма
Фархад — інжынер з Тэгерана, іранскай сталіцы. Паводле яго слоў, за апошнія некалькі тыдняў горад вельмі змяніўся:
— У сталіцы жыве 15 мільёнаў чалавек. Заўсёды тут былі заторы, а цяпер у горадзе стала вельмі ціха і машыны па вуліцах ездзяць рэдка. Многія ўвогуле з'ехалі з Тэгерана ў невялікія вёскі, гарады, каб пазбегнуць заражэння. Крамы працуюць, але людзі стараюцца заказваць прадукты па інтэрнэце. Рэстараны адкрыты, але наведвальнікаў там няма.
Наш суразмоўца таксама расказаў, што кожная вобласць Ірана цяпер пазначана чырвоным, жоўтым ці белым колерам — у залежнасці ад распаўсюджання новага каранавіруса. "Чырвоныя" вобласці (іх пакуль што дзве) знаходзяцца на каранціне: там не прымаюць гасцей, закрыты гасцініцы, людзей правяраюць на ўездзе і выездзе з гарадоў.
— Я не магу сказаць, што дзяржава хавае нейкую інфармацыю. Цяпер дзякуючы інтэрнэту гэта зрабіць немагчыма, усе пра ўсё ведаюць. Кожны дзень мы атрымліваем інфармацыю з парадамі ад Мінздароўя, як змагацца з каранавірусам. Таксама ёсць спецыяльныя праграмы, дзе мы фіксуем свой стан здароўя, — гэтая інфармацыя адпраўляецца ў спецыяльны цэнтр. Там вырашаюць, ёсць у цябе сімптомы каранавіруса ці не. Нястачы лекаў не адчуваецца, не хапала толькі масак і антысептыкаў. Многія бальніцы вызвалілі спецыяльна для пацыентаў, інфікаваных новым каранавірусам. Дактары працуюць і днём і ноччу, але імкнуцца захоўваць пазітыў: здымаюць відэа, дзе спяваюць і танцуюць. У нас такі народ, мы стараемся падтрымліваць адно аднаго.
"Эвакуацыя беларусаў не плануецца"
Мы пацікавіліся ў пасольстве Беларусі ў Іране, колькі беларусаў цяпер знаходзіцца ў ісламскай рэспубліцы.
— Дакладную лічбу беларусаў, якія пражываюць у Іране, назваць складана, на консульскім уліку знаходзяцца 12 чалавек. Што да сітуацыі з каранавірусам, то іранскія ўлады абмежавалі наведванне месцаў масавага збору людзей, уся культурная праграма адменена, ніякіх семінараў і сімпозіумаў не праводзіцца, скарочаны працоўны дзень. Усе захады накіраваныя на тое, каб людзі не пераносілі інфекцыю, — расказалі Еўрарадыё ў пасольстве Беларусі ў Іране.
Эвакуацыя беларусаў з Ірана пакуль не плануецца, дадалі ў пасольстве.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.