Уведзены часовы мараторый на павышэнне цэн на паслугі адукацыі і транспарту
У Беларусі уведзены часовы мараторый на павышэнне цэн на паслугі адукацыі, транспарту і сувязі. Пра гэта 26 траўня заявіў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір Калтовіч, паведамляе БЕЛТА. У аўторак ён быў з дакладам у кіраўніка дзяржавы, гаворка ішла пра сітуацыю на спажывецкім рынку краіны з цэнамі. Калтовіч заявіў, што сітуацыя знаходзіцца пад кантролем і што "няма дэфіцыту і няма ажыятажу".
"Мы пакуль прынялі рашэнне (разам з Міністэрствам адукацыі) прыпыніць павышэнне запланаваных тарыфаў на адукацыю, на транспарт і сувязь", — заявіў пасля нарады журналістам Уладзімір Калтовіч. Пакуль невядома, на які час уводзіцца мараторый. Па словах Калтовіча, яго міністэрства вернецца да абмеркавання гэтага пытання па выніках чэрвеня.
За першыя чатыры месяцы года цэны на праезд у пасажырскім транспарце выраслі на 7,95% (за кошт авіяцыйнага транспарту), на паслугі адукацыі — на 5,22% (пры чым на вышэйшую адукацыю — на 7,62%), на сувязь — толькі на 0,71%. Цэны на ўсе тавары і паслугі за студзень-красавік 2020-га выраслі на 3,3%.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.