“Увядзенне ваеннага становішча не азначае выхад Украіны з “Мінскага працэсу”
Праект закона “Аб ваенным становішчы”, або “Аб часова акупаваных тэрыторыях”, ва Украіне яшчэ ніхто не бачыў. І ён яшчэ нават не ўнесены ў Вярхоўную Раду. Тым не менш, нават калі законапраект будзе зацверджаны і на Данбасе замест АТА будзе аб’яўленае ваеннае становішча, гэта не азначае, што Кіеў выходзіць з перамоў Кантактнай групы ў Мінску. Такое меркаванне ў эфіры Еўрарадыё выказвае дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны Барыслаў Бяроза.
Барыслаў Бяроза: “Мінскія пагадненні” сябе ўжо вычарпалі. Але вычарпалі сябе не самі дамоўленасці, а сам фармат, які не прыводзіць ні да чаго. Таму мы можам казаць пра неабходнасць змены фармату, але не збіраемся адмаўляцца як ад удзелу ў “Мінскіх пагадненнях”, так і ад выканання падпісаных пагадненняў”.
Па словах дэпутата, дамагчыся вяртання ў склад Украіны часова акупаваных тэрыторый з дапамогай толькі ўвядзення ваеннага становішча нерэальна. Неабходны комплекс мер — як дыпламатычных, так і ваенных.
Калі ж ваеннае становішча будзе, то на тэрыторыі яго дзеяння будзе ўведзеная цэнзура, абмежаваныя сродкі сувязі і перасоўвання. А журналісты змогуць туды трапляць толькі пасля жорсткага “маніторынгу” і праверкі, кажа Барыслаў Бяроза.
Па словах суразмоўцы Еўрарадыё, не выключана, што законапраект “Аб ваенным становішчы” будзе разгледжаны ў найбліжэйшы час. Але гэта ніяк не звязанае, упэўнівае Бяроза, з вераснёўскімі беларуска-расійскімі ваеннымі вучэннямі “Захад-2017”. Хоць небяспеку ў іх украінцы і бачаць.
Бяроза: “Гэтыя вучэнні могуць несці небяспеку як Украіне, так і Беларусі. Расія паказала сябе як краіна-агрэсар, і я не здзіўлюся, калі ў межах гэтых вучэнняў пачнецца тэхнічнае “адцісканне” якіх-небудзь тэрыторый ці спроба змены рэжыму на тэрыторыі Беларусі”.