Уздзеянне цыклона Barbara ў Беларусі будзе адчувацца і ў сераду
У аўторак, 27 снежня, Беларусь апынулася пад уладай цыклона Barbara, які прыйшоў з Вялікабрытаніі. Ён прынёс шквальны вецер, дождж і мокры снег. Увечары надвор'е пагоршыцца, парывы ветру будуць дасягаць 22 метраў за секунду. На дарогах — галалёдзіца. З-за непагадзі быў паралізаваны рух транспарту на шэрагу сталічных вуліц, адбыліся аўтааварыі. Тэлеканал АНТ адзначае, што на сёння і на заўтра ў Беларусі аб'яўлены аранжавы ўзровень небяспекі.
Уздзеянне цыклона Barbara ў нашай краіне будзе адчувацца і ў сераду, 28 снежня. Уначы і раніцай амаль па ўсёй Беларусі захаваецца моцны вецер — да 15-20 метраў за секунду. Удзень такі вецер будзе толькі ў асобных раёнах. У наступныя дні надвор'е палепшыцца, паведамляе БЕЛТА.