Ва Украіне лічаць, што КНР не дазволіць РФ размесціць ядзерную зброю ў Беларусі
Сі Цзынпін / UN Geneva, Flickr
Кітай, хутчэй за ўсё, не дазволіць Расіі размесціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі, лічыць сакратар Рады нацыйнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў.
"Я магу сказаць, што ніякага размяшчэння ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі не будзе і быць не можа датуль, пакуль Кітай не дасць дазвол Пуціну размесціць там ядзерную зброю. Ці дасць Кітай дазвол Пуціну размесціць ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі? Я больш чым упэўнены, што не", — сказаў Данілаў у эфіры ўкраінскага Грамадскага тэлебачання.
Ён лічыць, што ў размешчэнні такой зброі на тэрыторыі Беларусі не зацікаўлены не толькі Кітай, але і сама Расія. А ўсе апошнія заявы прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна на гэту тэму Данілаў лічыць простым шантажом.
"Не трэба тут нічога прыдумляць, тут няма ніякай канспіралогіі. Гэта такая тупая гульня Расіі для таго, каб прымусіць амерыканцаў, англасаксаў ісці на перамовы з расійцамі менавіта па нашым кейсе", — прыводзіць словы Данілава украінскае выданне "Суспільне".
Пра тое, што Расія збіраецца размесціць у Беларусі тактычную ядзерную зброю, 25 сакавіка заявіў Уладзімір Пуцін. Ён адзначыў, што кантролю над ЯЗ Беларусь пры гэтым не атрымае.
Толькі 31 сакавіка падчас "паслання народу і нацсходу" Аляксандр Лукашэнка ўпершыню выказаўся пра планы Расіі размясціць у Беларусі тактычную ядзерную зброю. Лукашэнка абгрунтаваў "вяртанне" ядзернай зброі ў Беларусь пагрозай "агрэсіі з Захаду" — нібыта беларуская разведка мае такія даныя. З яе дапамогай ён хоча "абараніць беларускую дзяржаву і забяспечыць мір беларускаму народу".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.