Ва Украіне падарваўся на міне расійскі генерал
Летась Уладзімір Завадскі паспеў збегчы з Ізюма
Ва Украіне загінуў расійскі генерал-маёр Уладзімір Завадскі. Гэта сёмы вайсковы такога рангу, смерць якога пацвердзілі ў РФ. Арганізацыя выпускнікоў Маскоўскага вышэйшага агульнавайсковага каманднага вучылішча "Крэмль" піша, што 45-гадовы Завадскі загінуў 28 лістапада. Ён быў намеснікам камандзіра 14-га армейскага корпуса РФ. Па адной версіі, генерал падарваўся на міне, па іншай — у раёне Крынак на левым беразе Дняпра, дзе ўкраінскія байцы трымаюць плацдарм, трапіў пад абстрэл.
У 2022-м Уладзімір Завадскі камандаваў Таманскай дывізіяй і падчас імклівага вераснёўскага ўкраінскага контрнаступу ў Харкаўскай вобласці паспеў збегчы з Ізюма. Магчыма, быў паранены.
Самы высокапастаўлены афіцэр Узброеных сіл РФ, забіты на вайне ва Украіне — намеснік камандуючага Паўднёвай вайсковай акругі генерал Алег Цокаў. Ён загінуў летам у Бярдзянску, як мяркуецца — пры ракетным удары па камандным пункце 58-й арміі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.