Вакаліст Hair Peace Salon Алег Вяль прадставіў сольны электронны праект Helaiv
Музыка Алег Вяль, вядомы па гурце Hair Peace Salon і Bristeil, стварыў сольны праект пад назвай Helaiv. З гітарнай музыкі ён перайшоў да сінтэзатараў, хаця цалкам ад жывых інструментаў Алег не адмаўляецца. Як гучыць Helaiv, можна пачуць на дэбютным ЕР "Too Easy".
"Я раблю гэты праект самастойна, прычым — ад музыкі да афармлення вокладкі. Раней меў стасункі толькі з гітарай, цяпер камп'ютары дазваляюць пашырыць магчымасці творцы. Гэта цяжка, гэта не адразу даецца, я тры гады ішоў да цяперашняга гучання, але гэта вельмі цікава. Разумею, што мне ёсць яшчэ над чым працаваць. Але я задаволены тым, што атрымалася. Не трэба некага прасіць націснуць кнопку, каб было крута. Разумею цяпер, дзе гэтая кнопка і дзе яе націскаць. Чатыры з пяці ёсць!"
Па словах Алега, жыццё дыктуе свае ўмовы, і цяпер яму больш камфортна і спакойна працаваць самому, чым у гурце. Аднак музыкант не лічыць, што такая самастойнасць асабліва ўплывае на яго светапогляд і адбіваецца на Helaiv:
"Я зноў спяваю па-англійску, магчыма, тэксты сталі больш вобразнымі. Хаця, у мяне не было ідэі змяніцца ў плане тэкстаў. Канцэпцыя ЕР "Too Easy" нясе ў сабе ідэю аб тым, што прастата, лёгкасць — ёсць выпадковасць, і ў гэтым яе геніяльнасць і прыгажосць, няўлоўная прамалінейным пазнаннем".