Васілеўская тэлефанавала з МКС беларускім навукоўцам праз амерыканскі Х'юстан
Марына Васілеўская
У Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі сцвярджаюць, што беларуская касманаўтка Марына Васілеўская выканала на Міжнароднай касмічнай станцыі "ўсе запланаваныя на касмічны палёт... эксперыменты". Сувязь з ёй у навукоўцаў з РБ была аднабаковая — тэлефанавала толькі яна, і рабіла гэта штодня. Канал спадарожнікавай сувязі быў праз амерыканскі Х'юстан, паведамляе ТАСС.
Марына Васілеўская працавала бортправадніцай авіякампаніі "Белавія". Навукай не займалася. Таму ёсць пэўныя сумненні, наколькі эфектыўна яна магла праводзіць навуковыя эксперыменты. Напрыклад, эксперыменты з даследаваннем "уласцівасцяў мікраарганізмаў і іх кансорцыумаў для стварэння комплекснага прадукту для падтрымання мікрабіёты чалавека ва ўмовах касмічнага палёту" і "магчымасці кіраванага фарміравання і фабрыкацыі трохмерных структур ва ўмовах мікрагравітацыі з арганічных і неарганічных матэрыялаў пры дапамозе магнітных палёў". Агулам былі запланаваныя сем мэтавых работ — навукова-даследчыя і адукацыйныя праекты. А яшчэ Васілеўская збіралася паздымаць нашу планету і Беларусь у прыватнасці.
Вяртанне на Зямлю Марыны Васілеўскай, Алега Навіцкага і астранаўткі NASA Лорэл О'Хара запланаванае на 6 красавіка. Васілеўская і Навіцкі правядуць на МКС 12 дзён.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.