Віцебскі школьнік атрымаў траўму, пераносячы ваду па загадзе выкладчыка гуртка

Віцебскага вучня прымусілі цягаць цяжкую бутлю з вадой / pixabay.com, ілюстрацыйнае фота
Віцебскага вучня прымусілі цягаць цяжкую бутлю з вадой / pixabay.com, ілюстрацыйнае фота

У Віцебску шасцікласнік атрымаў пералом пазванка, выконваючы заданне выкладчыка гуртка, пішуць "Народныя навіны Віцебска".

Як выявіла праверка Следчага камітэта, выкладчык робататэхнікі рэпетытарскага цэнтра "100 балаў-Віцебск" загадаў вучню прыватнай сярэдняй школы "Апельсін", які займаецца ў цэнтры, аднесці 20-літровую каністру з вадой. Пры гэтым выкладчык паклаў бутлю на левае плячо школьніка.

Каністра была цяжкая, таму хлопчык узяў яе на сагнутыя ў лакцях рукі і панёс. У выніку, як заяўляе судова-медыцынская экспертыза, школьнік атрымаў закрыты пералом пазванка, які трапляе ў катэгорыю менш цяжкіх цялесных пашкоджанняў.

Дарэчы, выкладчык пасля гэтага не прыняў меры для аказання вучню медыцынскай дапамогі, а адправіў у клас на заняткі.

Пракуратура Віцебска кваліфікавала дзеянні работніка цэнтра паводле артыкула 155 КК — прычыненне па неасцярожнасці менш цяжкіх цялесных пашкоджанняў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі