“Все в мастях”: як гангста-рэпер Сіроп пракаціўся па Мінску ў калясцы з крамы
Раніцай 13 ліпеня ў пачатку вуліцы Кастрычніцкай у Мінску пачала збірацца сумнеўная публіка. Ва ўсіх ёсць “асаблівыя прыкметы”: хаця б адна татуіроўка. Крыху ўбаку ад людзей стаіць гангста-рэпер Сіроп. Дзеля здымкаў кліпа “Все в мастях” на яго яшчэ не выдадзены трэк тут, уласна кажучы, усе і сабраліся.
Песня “Все в мастях” — аўтабіяграфічная, Сіроп напісаў яе падчас апошняй адседкі. Увогуле, упершыню за апошнія 20 гадоў музыка цэлы год пратрымаўся на волі. Здымкі прымеркаваныя менавіта да гэтай падзеі.
"Песня атрымалася вясёлая. Здымаючы відэа, хацелася захаваць гэтую атмасферу, таму сцэнарый вырашылі падрабязна не распісваць, — распавядае Еўрарадыё Яўген Калмыкоў, прадзюсар Сіропа. — Можна сказаць, што гэта быў перформанс з вялікай масоўкай. Праз сацсеткі мы паклікалі на здымкі ўсіх неабыякавых да творчасці Сіропа".
На здымках былі людзі ў касцюмах і масках, на іх кідалі канфеці і разлівалі піва. І ўсё гэта — пакуль сам Сіроп з важным відам катаўся на калясцы з гіпермаркета. Назва трэка прасіла, каб у кадрах былі татуіроўкі — і яны былі! Акрамя таго, што прынеслі на сабе акцёры, у кліпе выкарыстоўваліся аўтарскія малюнкі Алега Навальнага [брата расійскага палітыка Аляксея Навальнага, — Еўрарадыё]. Алег ухваліў гэта — яму падабаецца творчасць Сіропа, таму ён пагадзіўся на калабарацыю.
Рэжысёрам новага відэа выступіў Арсеній Калмыкоў, а ў якасці аператараў працавалі Андрэй Астроўскі і Алёна Ходар. Калі выйдзе новае відэа Сіропа — трымаецца ў таямніцы.