"Вулічныя сяброўкі" з Кітая і бікіні прынцэсы Леі — #ІхНоравы

Міжнародныя навіны

Міжнародныя навіны / @rubanau_collage

Знакамітае залатое бікіні прынцэсы Леі прадалі на аўкцыёне за 175 тысяч долараў. Той выпадак, калі "залатое" — не толькі пра колер. Пра гэта і не толькі чытайце ў нашым штодзённым аглядзе міжнародных навін.

 

Швейцарыя забараняе ўезд некаторым цягнікам з Германіі за непунктуальнасць

У 2023 годзе 92,5% усіх цягнікоў у Швейцарыі прыбывалі ў пункт прызначэння своечасова. У Германіі за той самы перыяд гэты паказчык склаў усяго 64%, піша BILD.

Swiss Federal Railways AG (SBB) была вымушаная спыніць 11% усіх цягнікоў на маршруце Мюнхен — Цюрых са студзеня па сакавік. Гэта больш, чым за ўвесь папярэдні год, калі доля складала 2%.

Па швейцарскіх правілах лічыцца, што цягнік прыйшоў своечасова, калі ён адхіляецца ад раскладу менш чым на тры хвіліны. Па словах прадстаўніка SBB, у Германіі дапускаецца нават буфер у 10-15 хвілін, у залежнасці ад маршруту.

Самымі распаўсюджанымі прычынамі затрымак на нямецкім баку былі будаўнічыя работы, няспраўнасці паветраных ліній электраперадач, праблемы інфраструктуры і забастоўкі — каля паловы спыненых рэйсаў у Швейцарыю былі звязаныя з затрымкамі, якія выклікалі забастоўкі чыгуначнікаў у Германіі.

 

Бікіні прынцэсы Леі прадалі на аўкцыёне за 175 тысяч долараў

Залатое бікіні прынцэсы Леі з фільма "Зорныя войны. Эпізод VI: Вяртанне джэдая" пайшло з малатка на галівудскім аўкцыёне за $175 тыс. Пра гэта паведамляе The Guardian са спасылкай на Heritage Auctions.

Купальнік быў на акторцы Кэры Фішэр у сцэне зняволення ў крымінальнага аўтарытэта Джабы Хата. Камплект са станіка з глыбокім дэкальтэ, доўгай спадніцы з выразамі і залатых бранзалетаў быў створаны дызайнерам Рычардам Мілерам і стаў адным з самых культавых вобразаў у кіно.

Фішэр расказвала, што спачатку не паверыла, калі рэжысёр прапанаваў ёй надзець бікіні, таму што ў ім яна адчувала сябе "амаль голай".

 

Кітай захопліваюць "вулічныя сяброўкі"

У Кітаі расце колькасць "вулічных сябровак" — дзяўчат, якія аказваюць паслугі платных зносін, піша South China Morning Post.

У рамантычныя ці сексуальныя адносіны з пакупнікамі такія дзяўчыны не ўступаюць. Яны сядзяць на вуліцах з таблічкамі, дзе апісваецца кошт паслуг.

Так, у Шэньчжэне заўважылі некалькі "вулічных сябровак": адна з іх прадавала абдымкі за адзін юань, пацалунак — за 10 юаняў, а сумесны кінапрагляд — за 15 юаняў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі