Як зарэгістраваць беларускі аўтамабіль у Польшчы?

Калі своечасова не зарэгістраваць машыну ў Польшчы, давядзецца плаціць вялікі штраф

Калі своечасова не зарэгістраваць машыну ў Польшчы, давядзецца плаціць вялікі штраф / Еврорадио

Літва забараніла беларусам уезд на машынах з беларускімі нумарамі і дала тэрмін да 18 студзеня, каб пакінуць краіну ці перарэгістраваць аўтамабіль. Многія чакаюць, што падобнае зробіць і Польшча, бо гэта звязана з санкцыямі, якія ЕС увёў супраць Беларусі і Расіі.

І хоць Польшча пакуль не вызначылася, у якім выглядзе яна будзе рэалізоўваць патрабаванне Еўрасаюза, беларусы ў гэтай краіне актывізаваліся ў пытанні рэгістрацыі аўтамабіля.

Аказалася, зрабіць гэта не так проста, як у Літве. Разабрацца ў бюракратычных нюансах рэгістрацыі аўтамабіляў з Беларусі ў Польшчы Еўрарадыё дапамог Яраслаў Сцяцюн, кіраўнік ініцыятывы “Польскі кансультант”.

Прасцей, але даражэй: "размытніць" машыну і зарэгістраваць

Калі аўтамабіль быў увезены ў Польшчу з-за межаў Мытнага саюза ЕС, трэба яго "размытніць" — аплаціць ўвазныя пошліны, акцыз і ПДВ (VAT). І зрабіць гэта трэба цягам 30 дзён з моманту перасячэння мяжы.

Таму ў беларусаў, якія пераехалі ў Польшчу на сваёй машыне, ёсць два шляхі.

Першы — "размытніць" машыну і паставіць яе на ўлік у Польшчы. Папярэдне можна зняць яе з уліку ў Беларусі.

Пры гэтым варта ўлічваць, што сума мытных плацяжоў можа набегчы немалая. У такім выпадку ёсць імавернасць, што будзе выгаднаей і прасцей прадаць машыну ў Беларусі і купіць у Польшчы новую. Але гэты варыянт падыходзіць не ўсім беларусам хаця б таму, што многія не рызыкуюць заязджаць у Беларусь праз пагрозу пераследу.

Складаней, але танней: даказаць, што прывезлі машыну з сабой

Другі варыянт, які патрабуе часу і сіл, але дае вялікую эканомію грошай: аформіць машыну як маёмасць перасяленца. У такім выпадку можна падаць заяву на мытную льготу, якая можа звесці аплаты да нуля.

Але зрабіць гэта можна толькі ў выпадку, калі аўтамабіль выкарыстоўваецца ў асабістых мэтах, а не ў камерцыйных.

Как зарегистрировать белорусский автомобиль в Польше?
Зарэгістраваць машыну ў Польшчы трэба цягам 30 дзён пасля ўезду / Еўрарадыё

— Прыватны легкавы аўтамабіль з краіны за межамі ЕС, у тым ліку з РБ, можа прэтэндаваць на мытныя льготы, калі ён і яго ўладальнік адпавядаюць наступным умовам:

1.       Аўтамабіль знаходзіўся ў карыстанні і валоданні перасяленца не менш за 6 месяцаў да даты, калі ён пакінуў Рэспубліку Беларусь.
2.       Сам перасяленец жыў у РБ не менш за 12 месяцаў перад выездам.

Усе названыя тэрміны мусяць быць пацверджаныя дакументальна.

Машына можа прэтэндаваць на льготы, калі яна была перавезеная цягам 12 месяцаў пасля пераезду самога замежніка ў Польшчу для пастаяннага пражывання.

Але трэба разумець, што перасяленец мае права папрасіць пра льготу, а адпаведныя органы і службы, разгледзеўшы канкрэтную справу, могуць прыняць як станоўчае, так і адмоўнае рашэнне. Кожны выпадак разглядаецца персанальна, а з досведу — вельмі суб'ектыўна, — звяртае ўвагу Яраслаў Сцяцюн з "Польскага кансультанта".

Цягам года машыну, зарэгістраваную як маёмасць перасяленца, нельга будзе прадаваць, дарыць, аддаваць у заклад і гэтак далей.

Мытная пошліна

Каб папрасіць пра вызваленне ад мытнай пошліны, беларусу прасцей за ўсё звярнуцца ў любое мытнае агенцтва (знайсці можна на запыт agencja celna). За паслугу давядзецца заплаціць, але яно таго вартае: самому разабрацца ў працэдуры падачы мытных дэкларацый вельмі няпроста. І трэба мець на ўвазе, што ў момант "размытнення" аўтамабіль мусіць быць на стаянцы мытні разам з уладальнікам.

Вызваленне ад VAT

Гэтая магчымасць даецца артыкуламі 81 і 47 Закона РП пра падатак на тавары і паслугі (ustawy o podatku od towarów i usług) і можа прымяняцца толькі ў выпадку, калі ёсць згода ўладаў на льготы па мытнай пошліне.

Тут ужо ўсё адбываецца аўтаматычна: калі мытная льгота ўхваленая, а ўмовы для вызвалення ад ПДВ выкананыя, падатак спаганяцца не будзе.

Вызваленне ад акцызу

Вызваленне ад ПДВ легкавога аўтамабіля адбываецца на падставе артыкулаў 110 і 112 Закона РП пра акцызны збор (ustawy o podatku akcyzowym). Для гэтага трэба падаць заяву з далучэннем дакументаў, якія пацвярджаюць усе ўмовы вызвалення, на імя кіраўніка Падатковай службы Польшчы.

Падаецца заява альбо ў электронным выглядзе праз сістэму ePUAP, альбо поштай на адрас ul. Warszawska 5, 43-300 Bielsko-Biała. Працэдура падрабязна апісаная на ўрадавым сайце.

Вам спатрэбіцца прысяжны пераклад беларускага пасведчання рэгістрацыі аўтамабіля. А для зверкі патрэбныя характарыстыкі аўтамабіля па VIN-кодзе ад ацэншчыка або дылера.

Падаём дакументы ў гарадскую адміністрацыю

Рэгістрацыяй аўтамабіля займаецца аддзел транспарту (wydział komunikacji) у любой гарадской адміністрацыі.

Вам спатрэбяцца наступныя дакументы:

- заява (запаўняецца на месцы ці можна загадзя спампаваць бланк у інтэрнэце — wniosek na rejestrację pojazdu);
- звесткі пра рэгістрацыю па месцы жыхарства (meldunek);
- нумар PESEL (індывідуальны рэгістрацыйны нумар);
- від на жыхарства (часовы або пастаянны);
- пасведчанне рэгістрацыі аўтамабіля (арыгінал і прысяжны пераклад);
- рэгістрацыйныя знакі на аўтамабіль;
- дакументы з мытні;
- дакументы з тэхагляду.

Узамен вам выдадуць польскія нумары і часовае пасведчанне рэгістрацыі. Пастаяннае зробяць пазней — гэта займае ад пары тыдняў да месяца, у залежнасці ад горада.

У той жа дзень трэба аформіць страхоўку.

Как зарегистрировать белорусский автомобиль в Польше?
Польшча не плануе забараняць машынам з беларускімі нумарамі ездзіць па краіне / Еўрарадыё

“Я не зарэгістраваў машыну адразу пасля пераезду, Што рабіць?”

Плаціць штраф і займацца рэгістрацыяй аўтамабіля, калі плануеце заставацца жыць у Польшчы.

— Заканадаўства Польшчы патрабуе зарэгістраваць машыну цягам 30 дзён пасля ўезду, а цягам паўгода — замяніць пасведчанне кіроўцы на польскае. Гэта дзве асобныя працэдуры.

За нясвоечасовую рэгістрацыю машыны належыць штраф: 500 злотых, калі тэрмін перавысіў 30 дзён, і 1000 злотых, калі вы пратэрмінавалі пастаноўку на ўлік на паўгода і больш. І гэта толькі за дадзенае парушэнне. У асабліва складаных сітуацыях могуць быць ужытыя і санкцыі за нявыплату падаткаў, незаконны ўвоз і г. д.

Разам з тым існуе Венская канвенцыя пра дарожны рух, удзельнікам якой, акрамя іншых, з'яўляюцца і Польшча, і Рэспубліка Беларусь. У адпаведнасці з гэтым дакументам, іншаземец на аўтамабілі, які адпавядае ўмовам, можа бесперашкодна перамяшчацца па краінах-падпісантах, бо ён удзельнік міжнароднага руху.

На жаль, гэта адно з самых няясных пытанняў у юрыдычным полі, бо, з аднаго боку, перыяд такога руху заканадаўча не абмежаваны, а з іншага, уладальнікі ВНЖ нярэдка сутыкаюцца з прэтэнзіямі ад падатковай. Зарэгістраваць аўтамабіль на беларускіх нумарах, які ўжо даўно знаходзіцца ў Польшчы, бывае вельмі няпроста.

Сітуацыя і тут індывідуальная і залежыць ад масы нюансаў, таму мае сэнс звяртацца да спецыялістаў, якія змогуць прааналізаваць усе дэталі і даць кампетэнтную рэкамендацыю.

Альтэрнатыва — выезд на тэрыторыю РБ з наступным вяртаннем і праходжанне мытных працэдур на агульных падставах. Прымяніць ільготы для перасяленцаў у такіх умовах не атрымаецца, — каментуе "Польскі кансультант".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі