Вялікі пост пра значэнне працы Бяляцкага ад адваката, які абараняў яго ў 2011
Алесь Бяляцкі ў студыі Еўрарадыё
Адвакат Зміцер Лаеўскі абараняў праваабаронцу Алеся Бяляцкага 11 гадоў таму, калі супраць таго ўпершыню завялі крымінальную справу. Тады, нягледзячы на намаганні Лаеўскага, заснавальніка цэнтра "Вясна" прысудзілі да 4,5 гадоў калоніі.
У 2021 годзе ўлады Беларусі зноў пачалі крымінальны пераслед Бяляцкага — цяпер ён за кратамі. А 7 кастрычніка 2022 года ён стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру. З гэтай нагоды адвакат напісаў вялікі пост пра прынцыпы і значэнне працы праваабаронцы.
Публікуем яго з некаторымі скарачэннямі. Арыгінал апублікаваны ў канале Змітра Лаеўскага ў тэлеграме.
"Што такое ў нашай краіне барацьба за правы чалавека? Гэта калі ты кажаш публічна, што дзяржаўны апарат дзейнічае супрацьпраўна, і рызыкуеш пры гэтым усім. Увогуле ўсім — дабрабытам, свабодай, жыццём. Можа падацца, што гэта лёгка, але гэта толькі ў тэорыі і седзячы на канапе. А ўвогуле для гэтага патрэбна не толькі смеласць, але і вера ў каштоўнасці, дзеля якіх гэта робіцца.
У якой ступені Алесь — неардынарны чалавек, я пераканаўся яшчэ калі абараняў яго ў 2011 — пачатку 2012 года. Аднак тады, нават нягледзячы на маю перакананасць у неправамернасці выстаўленага яму абвінавачання, я наўрад ці змог бы сфармуляваць тую ідэю, якая ляжыць у аснове яго жыццёвага шляху. Якую магу растлумачыць цяпер.
Сцісла нагадаю факты. Праваабаронцы выступалі з крытыкай дзеянняў уладаў, заклікалі захоўваць правы і былі нязручныя дзяржапарату. Створаны Бяляцкім у сярэдзіне 1990-х гадоў праваабарончы цэнтр быў пазбаўлены дзяржаўнай рэгістрацыі. Улады прынялі законы, якімі дзейнасць аб'яднанняў грамадзянаў без рэгістрацыі магла прывесці да крымінальнай адказнасці, а таксама ўказы і дэкрэты, якія не дазваляюць атрымліваць фінансавую падтрымку для праваабарончай дзейнасці. Таксама была ўстаноўленая крымінальная і адміністрацыйная адказнасць за розныя дзеянні, якія складаюць сутнасць праваабароны (выяўленне меркавання, мірныя сходы, аб'яднанні і іншае). Праваабаронцы падвяргаліся пагрозам і арыштам. Фактычна праваабарончая дзейнасць была крыміналізаваная. А Бяляцкі не пагадзіўся з гэтым, і праваабаронцы цэнтру працягнулі працаваць, рызыкуючы ўсім. І за праваабарончую дзейнасць ён быў падвергнуты крымінальнаму пераследу. Спачатку ўлетку 2011 года, потым — улетку 2021 года. У абодвух выпадках ён загадзя ведаў пра рызыкі і мог з'ехаць, але не з'ехаў.
У чым значнасць гісторыі Бяляцкага?
Яго жыццёвы шлях і пераслед за яго (як пачаты ў 2011, так і пачаты ў 2021) узнімаюць найважнейшае пытанне: ці могуць створаныя дзяржавай законы быць вышэй за фундаментальныя правы чалавека?
Калі так, дык гэта б азначала, што прыняўшы любыя законы, улады могуць звесці на нішто, анульаваць любыя правы, уключаючы права мяняць уладу, а дзяржаўны апарат атрымлівае бязмежную ўладу над асобай назаўжды.
Але сёння міжнародная супольнасць адказала на гэтае пытанне, вызначыўшы, што дзейнасць Алеся Бяляцкага заслугоўвае самай галоўнай у свеце ўзнагароды.
Таму што свабода меркавання, свабода аб'яднанняў, свабода сходаў і шэраг іншых правоў і свабод, замацаваных ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, — гэта тое, без чаго немагчымае развіццё грамадства і існаванне асобы. Яны належаць чалавеку з прычыны факту яго нараджэння. І ўвесь сэнс іх у тым, што яны не могуць адвольна абмяжоўвацца дзяржавай, у тым ліку праз прыняцце ўнутрыдзяржаўных актаў.
Менавіта гэта павінна быць адпраўным пунктам для пабудовы прававой сістэмы: ідэя пра тое, што няма нічога вышэй за фундаментальныя правы чалавека. Таму што самае галоўнае — чалавек, а дзяржава — толькі вытворны ад чалавека апарат. Сцвярджаючы гэты прынцып сваёй свабодай, Бяляцкі стаў фігурай сусветнага маштабу".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.