Вярблюдзіца Бэта з Гродзенскага заапарка гатовая да лета, з яе знялі 8 кг поўсці
Бэце зладзілі "экспрэс-ліньку" / Скрыншот з відэа Гродзенскага заапарка
У Гродзенскім заапарку сёлета ўпершыню зладзілі "экспрэс-ліньку" вярблюдзіцы Бэце. "Увесну, падчас лінькі, жывёлы часта выглядаюць неахайна", зімовае футра сыходзіць не адразу, нейкі час вісіць жмутамі, а наведвальнікі часта думаюць, што жывёла хварэе.
"Насамрэч гэта не так. Лінька — натуральны працэс, і для жывёл ён цалкам бяспечны", — кажуць супрацоўнікі. Раней наравістая Бэта не дазваляла паскараць працэс, але сёлета ўпершыню пагадзілася на гэта. "З узростам вярблюдзіца зрабілася нашмат дабрэйшай і сёлета перад надыходам летняга сезону ўсё ж дазволіла прывесці сябе ў парадак", — расказалі ў заапарку. У выніку за раз з Бэты знялі 8 кілаграмаў поўсці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.