Вярхоўная рада звярнулася ў ПАСЕ з-за адмовы ва ўездзе ў Беларусь дэпутату Гузю

Вярхоўная рада звярнулася ў ПАСЕ з-за адмовы ва ўездзе ў Беларусь дэпутату Гузю

Камітэт па замежных справах Вярхоўнай рады Украіны звярнуўся да Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы і генеральнага сакратара Савета Еўропы. Нагодай стала тое, што Беларусь забараніла ўезд украінскім дэпутатам, перадае БелаПАН.

У лісце адзначаецца, што Беларусь абмяжоўвае ўезд народным дэпутатам Украіны, якія адначасова з'яўляюцца сябрамі ПАСЕ. У прыватнасці, гаворка ідзе пра намесніка кіраўніка камітэта па замежных справах Ігара Гузя і першую намесніцу старшыні Вярхоўнай рады Ірыну Герашчанку.

Украінскія дэпутаты лічаць, што гэтае рашэнне не адпавядае дэмакратычным традыцыям, улічваючы тое, што Беларусь пачынае аднаўляць адносіны з ПАСЕ.

Як паведамлялася раней, Гузю адмовілі ва ўездзе ў Беларусь 25 красавіка. Беларускія памежнікі спаслаліся на забарону з боку адпаведных органаў Расіі. Сам Гузь планаваў удзельнічаць у вулічнай акцыі "Чарнобыльскі шлях" і наведаць сваякоў беларусаў, якія ўдзельнічаюць у антытэрарыстычнай аперацыі на Данбасе.

Ірыну Герашчанка, якая з'яўляецца ўдзельніцай мінскіх перамоваў па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе, 26 красавіка пратрымалі некалькі гадзін на беларускай мяжы. Яе не пускалі ў Беларусь па той самай прычыне — яна ўключаная ў расійскі "чорны спіс". Потым ёй дазволілі ўезд у Беларусь да 25 траўня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі