"Вясна" асудзіла атаку на валанцёраў арганізацыі
Праваабарончы цэнтр "Вясна" асуджае атаку на валанцёраў арганізацыі і мае намер працягваць сваю дзейнасць, гаворыцца ў заяве арганізацыі.
"Мы заяўляем рашучы пратэст у сувязі з чарговым этапам ціску на арганізацыю і яе валанцёраў, асуджаем парушэнне правоў чалавека і свабод у якасці інструментаў ціску на праваабаронцаў і валанцёраў, а наогул — на ўсе сегменты грамадзянскай супольнасці, і пацвярджаем сваю гатовасць працягваць мірную легітымную дзейнасць па абароне і прасоўванні правоў чалавека", — паведамляе "Вясна".
Пачынаючы з 1 снежня, у Беларусі распачалася "адвольная атака" на праваабаронцаў і валанцёраў "Вясны", заяўляе арганізацыя. У больш як 20 валанцёраў і валанцёрак былі праведзеныя вобшукі, пасля якіх адбыліся затрыманні і допыты. Самі валанцёры далі падпіскі аб неразгалошванні дадзеных.
Як адзначае "Вясна", раней валанцёры таксама зазнавалі пераслед за сваю дзейнасць па назіранні за выкананнем права на справядлівы суд. Акрамя таго, адна з валанцёрак пацярпела ад адвольнага затрымання, адміністрацыйнага арышту і жорсткага, нячалавечага абыходжання, у сувязі з чым арганізацыя накіравала паведамленне ў ААН.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.