Выдавец Янушкевіч: "Падзенне ў "Западно-Русскій край" ідзе поўным ходам"
Андрэй Янушкевіч / Еўрарадыё
Выдавецтва "Янушкевіч" атрымала рашэнне суда пра пазбаўленне ліцэнзіі. Дакументы апублікаваў у сацсетках дырэктар выдавецтва Андрэй Янушкевіч.
Працэс адбыўся на пачатку студзеня ў Эканамічным судзе Мінска. З пазовам выступіла Міністэрства інфармацыі.
Згодна з дакументамі выдавецтва пазбавілі ліцэнзіі за выданне кніг, прызнаных экстрэмісцкімі. Гэта раман Альгерда Бахарэвіча "Сабакі Еўропы", манаграфія Святланы Казловай "Аграрная палітыка нацыстаў у Заходняй Беларусі", "Балада пра маленькі буксір" Іосіфа Бродскага ў перакладзе Алесі Алейнік.
"Цяпер цалкам афіцыйна вядома, што выдавецтва "Янушкевіч" пазбаўлена права выдаваць кнігі ў Рэспубліцы Беларусь. Больш недальнабачнага, антыкультурнага, антыбеларускага кроку з боку Міністэрства іінфармацыі ўявіць сабе было цяжка. Падзенне ў "Западно-Русскій край" ідзе поўным ходам.
Нічога ж не губляем, за намі Масква! У Беларусі дзеці і дарослыя не ўбачаць новых кніг пра Гары Потэра, Ведзьмара, Гаспадара Ледзянога Саду. Не будзе выданняў нобелеўскіх лаўрэатаў, бо ж менавіта дзякуючы нам загучалі па-беларуску такія "шкодныя" галасы Маркеса, Памука, Ісігура і Мюлер. Нашто жыхарам Беларусі шведскія і польскія дэтэктывы па-беларуску, фантастыка і фэнтэзі ад прызнаных майстроў жанру?" — каментуе Янушкевіч гэтае судовае рашэнне.
Ён падкрэслівае, што выдавецтва не выдала ніводнай экстрэмісцкай кнігі. "Кожная наша кніга мае свае мастацкія, навуковыя і пазнавальныя вартасці, кожнай ганарымся. І выдаючы іх, кіраваліся культурнымі прынцыпамі, ігнаруючы палітыку і ідэалогію. Але культура — гэта не тое, што ўласціва ўладам і чыноўнікам у Беларусі, гэта для іх нешта незразумелае, таму небяспечнае", — піша выдавец.
Ён абяцае, што будзе па-ранейшаму выдаваць кнігі.
Выдавецтва "Янушкевіч" фактычна спыніла сваю працу летась, калі сілавікі разграмілі новаадчыненую кнігарню "Кнігаўка", а самога Янушкевіча і яго супрацоўніцу Насту Карнацкую адправілі на "суткі". Пасля гэтага выдавец выехаў у Польшчу, дзе плануе аднавіць друкаванне беларускіх кніг.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.