Выказваем заклапочанасць: Алімпіяда без гледачоў і паўгода штурму Капітолія
Вельмі коратка пра свет / калаж Еўрарадыё
Паўгода прайшло з дня вар'яцкіх беспарадкаў у Капітоліі, і два тыдні застаецца да Алімпіяды ў Токіа. Таксама даволі вар'яцкай — яна праходзіць у разгар каранавіруса.
Але ёсць і добрыя навіны. У Ісландыі вырашылі скараціць працоўны дзень, каб людзі менш стамляліся. Выказваем заклапочанасць — чаму толькі ў Ісландыі?
Паўгода таму ў ЗША штурмавалі Капітолій
З гэтай нагоды Байдэн звярнуўся да нацыі з заявай.
"Гэта не было іншадумства. Гэта былі беспарадкі, якія сталі экзістэнцыяльным крызісам і выпрабаваннем таго, ці можа выжыць наша дэмакратыя. Сумным напамінам пра тое, што ў нашай дэмакратыі няма нічога гарантаванага", — заявіў прэзідэнт ЗША.
Ён заклікаў дэмакратаў, рэспубліканцаў і незалежных грамадзян працаваць разам у імя агульнага дабра — каб аднавіць "прыстойнасць, гонар і павагу да вяршэнства закона".
Гэта сугучна інаўгурацыйнай прамове Байдэна. Яе тэмай было "Амерыка адзіная насуперак глыбокім рознагалоссям". Карацей, яшчэ адна спроба года народнага адзінства.
Алімпіяда з сацыяльнай дыстанцыяй
Да Алімпіяды заставалася два тыдні.
Бушуе каранавірус. Японія разглядае пытанне пра ўвядзенне ў Токіа рэжыму НС. Калі так і здарыцца, то гульні пройдуць без гледачоў. Японія на гэтым страціць 23,4 млрд долараў.
І ўсё роўна больш за траціну такійцаў наогул лічаць, што Гульні трэба адмяніць або перанесці. Калі ж Гульні ўсё ж пройдуць, то 38% апытаных просяць правесці іх без гледачоў. Толькі 5% апытаных лічаць, што ніякіх абмежаванняў не трэба наогул.
Але нават калі гледачоў не будзе, у Токіа будзе людна. На Алімпійскіх і Параалімпійскіх гульнях, уключаючы валанцёраў, будзе задзейнічана 300 тысяч чалавек персаналу.
Зрэшты, жыхары 13-мільённага Токіа іх могуць і не заўважыць.
Яшчэ адна краіна для жыцця
Навіна для тых, хто ўсё жыццё зайздросціў доўгім расійскім выхадным. У Ісландыі пайшлі далей: цяпер вялікая частка работнікаў будзе працаваць не 40 гадзін у тыдзень, а 35-36.
Спачатку ўрад правёў два эксперыменты. У іх паўдзельнічалі 2,5 тысячы шчасліўчыкаў, якія першымі ацанілі зручнасць скарочанага працоўнага тыдня.
І што вы думаеце? Прадукцыйнасць удзельнікаў гэтага эксперымента засталася ранейшай ці нават вырасла! Самы час прымаць закон, па якім шчасліўчыкаў стане больш. Так ісландцы і зрабілі.
Ніякага больш hola bebé
Іспанія хоча зрабіць больш жорсткім пакаранне за сексуальныя дамаганні.
Паводле новага закона, які яшчэ павінен ухваліць парламент, маўчанне больш не знак згоды. І ўсякія сексуальныя сувязі без згоды цяпер будуць кваліфікаваныя як згвалтаванне. Прынцып, уведзены ў новым законе, можна коратка сфармуляваць так: "толькі "так" — гэта "так". Такі прынцып ужо дзейнічае ў 11 краінах.
Дамаганні, эксгібіцыянізм, прыставанне на вуліцы, сексуальныя правакацыі — усё гэта ў Іспаніі хутка зможа лічыцца сексуальным гвалтам.
З чаго ўсё пачалося? Пяць гадоў таму грамадскасць была шакаваная: стала вядома пра выпадак групавога згвалтавання васямнаццацігадовай жанчыны на фестывалі.
Леў-тыктокер вярнуўся дадому дзякуючы чулліваму прэм'еру
Гэта ў Беларусі ты тройчы падумаеш, перш чым завесці ката. А ў Камбоджы можна завесці льва.
Ну як можна? Папраўдзе нельга, і таму ў аднаго мясцовага жыхара паўсталі праблемы. Ён выгадаваў ільвяня з самага ранняга ўзросту. Каб суседнічаць з жывёлай было бяспечна, выдаліў яму іклы. І ўсё б нічога, але вырашыў падзяліцца відэаролікам з гадаванцам з падпісантамі ў тык-току.
Паглядзелі не толькі падпісанты, але і мясцовыя ўлады. Льва забралі. Тэлегледачы назіралі, як у дом увайшлі чыноўнікі, укалолі велізарнаму кату снатворнае і вынеслі яго з дома.
А праз тыдзень усё паўтарылася ў адваротным парадку. За ўладальніка льва заступіўся прэм'ер-міністр. Сказаў, што сітуацыя асаблівая: гаспадар гадаваў, карміў ільвяня з ранняга ўзросту, клапаціўся пра яго. Ну як у такога забраць?
Кранутыя не былі толькі зоаабаронцы і амбасадар Вялікабрытаніі. Ён выказаў сваё расчараванне пагарджаннем заканадаўства і заахвочваннем незаконнага гандлю дзікай прыродай.
Самы вялікі і самы недасягальны кот
Мы мяркуем, што вы наўрад ці сутыкаецеся з лішкам добрых навін. Таму раскажам вам пра яшчэ аднаго гіганцкага ката.
Вялізнага трохметровага ката завялі ў Токіа. Цяпер гэты супольны, калектыўны кот жыве побач з чыгуначнай станцыяй. Ён мяўкае, гуляе і мурчыць.
Вышыня 4К-панэлі з катом — тры паверхі. Коцік зусім не кампактны, ён займае амаль 155 квадратных метраў.
Гэты японскі кот ну вельмі нетыповы. Ён не будзе спаць увесь дзень, з 7 раніцы да гадзіны ночы. Начная жывёла? Не, гэты японскі кот пра такое не чуў.
Мы разумеем, што вам захацелася ўбачыць японскага ката ўжо нават больш, чым японскую Алімпіяду. Памятайце пра каранавірус, заставайцеся дома і сачыце за катом на ютуб-канале. Ён пакажацца там ужо 12 ліпеня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.