"Я дагэтуль не езджу ў метро". 5 гадоў пасля тэракта на "Кастрычніцкай"

"Я дагэтуль не езджу ў метро". 5 гадоў пасля тэракта на "Кастрычніцкай"

Выбух на станцыі метро "Кастрычніцкая" адбыўся 11 красавіка ў 17.56. Літаральна праз дзесяць хвілін пра яго ведаў ужо ўвесь горад ― метрапалітэн спыніўся, людзі выходзілі з тунеляў і ішлі па ходніках ля праспекта, па якім з сірэнамі праносіліся "хуткія". 15 забітых, 203 параненыя.

Падазраваных затрымалі ўжо праз тры дні. Працэс быў паказальна адкрытым, праходзіў у самай вялікай актавай зале "Дома правасуддзя". Увосень абодва фігуранты справы, Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў, атрымалі смяротныя прысуды. На пачатку вясны, амаль праз год пасля тэракта, іх расстралялі.

Людміла Жачко, пацярпелая

"У метро я не езджу. Стараюся аўтамабілем карыстацца. Альбо іншым сродкам транспарту. А метро ― не. Не магу. Магчыма, нехта лёгка да гэтага ўсяго паставіўся, але я не змагла. З фізічным здароўем усё нармальна, але вось да метро нелюбоў узнікла. Нам моцна дапамагалі потым, некалькі гадоў. Цяпер гэта прыціхла, а вось першыя гады моцна дапамагалі ― запрашалі на праверкі да медыкаў. Зубы, кардыёграмы, акулісты ― такі кранальны клопат быў. У гэтым плане ўлады пастараліся. Але маё меркаванне пра саму справу не змянілася за гэтыя гады. Суд мяне не пераканаў, што гэта ўсё зрабілі тыя два недалёкія хлопцы. Магчыма, мы некалі ўсё ж даведаемся праўду... Мы дагэтуль перазвоньваемся з іншымі пацярпелымі, сустракаемся час ад часу. Але мы ніколі не размаўляем пра тэракт, пра суд. Пра жыццё размаўляем. Суду ніхто з нас не паверыў".

"Я дагэтуль не езджу ў метро". 5 гадоў пасля тэракта на "Кастрычніцкай"
Дзмітрый Лепрэтар і Станіслаў Абразей

Дзмітрый Лепрэтар, адвакат Дзмітрыя Канавалава

"Я па-ранейшаму займаюся адвакацкай практыкай. Працую там жа, дзе працаваў пяць гадоў таму. У мяне нічога не змянілася".

Станіслаў Абразей, адвакат Уладзіслава Кавалёва

"Працую, дапамагаю людзям. Я па-ранейшаму адвакат. Усё добра ў мяне. Ці паўплываў той працэс на маю прафесійную дзейнасць? Думаю, не. Як ён мог паўплываць... Гэта была частка маёй працы, я яе выконваў сумленна. Ведаеце, асоба развіваецца з цягам часу, змяняюцца некаторыя погляды. Аналіз сітуацыі адбываецца. Але я проста не думаю пра той працэс. Ён прайшоў. Не самая прыемная сітуацыя, хлопцы загінулі. Але думаць пра яе кожны дзень не варта. Я спадзяюся, такога больш з усімі намі ніколі не адбудзецца".

"Я дагэтуль не езджу ў метро". 5 гадоў пасля тэракта на "Кастрычніцкай"

Любоў Кавалёва, маці абвінавачанага Уладзіслава

"Я нічога не гавару, што пра мяне пісаць. Хочаце пісаць ― пішыце пра хлопцаў, пра справу. А пра мяне? Навошта. Як справа цяпер выглядае? Ды ніяк. Абсалютна ніяк. Пры цяперашняй уладзе немагчыма нічога зрабіць. У мяне не атрымліваецца нічога даведацца. Год таму атрымала апошнюю адмову (Любоў Кавалёва спрабуе даведацца, дзе знаходзіцца месца пахавання яе сына, ― Еўрарадыё), пасля гэтага нічога. Цяпер я не пішу скаргі, у мяне няма больш адваката. Пакуль няма, так атрымалася. А пра мяне вы нічога не пішыце".

Знайсці іншых удзельнікаў тых падзей цяпер няпроста. Нехта адмаўляецца размаўляць з журналістамі, нехта знік, як былы кіраўнік мінскай міліцыі Леанід Фармагей, напрыклад. Выбух у метро каштаваў Фармагею пасады. Спачатку яго накіравалі ў Акадэмію МУС, дзе былы міліцэйскі бос з бліскучай кар'ерай стаў намеснікам начальніка па страявой частцы. А праз некалькі гадоў Фармагей стаў пенсіянерам.

Пацярпелая ад выбуху ў метро Інэса Крутая праз некалькі гадоў з'ехала з Беларусі разам з сям'ёй. Яе бацьку Аляксандра вызвалілі з "Навінак", куды ён трапіў падчас суда, цяпер Крутыя жывуць у невялічкім чэшскім гарадку на мяжы з Польшчай.

"Я дагэтуль не езджу ў метро". 5 гадоў пасля тэракта на "Кастрычніцкай"
Інэса Крутая на судзе

Яна Пачыцкая, якая ноч перад выбухам правяла з Канавалавым і Кавалёвым, і нейкім цудам пазбегла статуса абвінавачанай, знікла яшчэ падчас судовага працэсу, перастаўшы кантактаваць з журналістамі. Пачыцкая змяніла нумар тэлефона, выдаліла свае акаўнты ў сацсетках. Напярэдадні 5-годдзя тэракта Еўрарадыё змагло адшукаць новаствораны профіль дзяўчыны з іменем Яна Пачыцкая ў "Аднакласніках". І ўзрост, і знешні выгляд супалі, аднак на кантакт Пачыцкая так і не выйшла.

Не кантактуюць са СМІ і родныя Дзмітрыя Канавалава. Яны па-ранейшаму жывуць у Віцебску. Мясцовыя журналісты расказваюць, што за іх кантактамі сочыць КДБ.

Намеснік генеральнага пракурора Беларусі Аляксей Стук, які быў дзяржаўным абвінаваўцам на працэсе Канавалава і Кавалёва, па-ранейшаму працуе на сваёй пасадзе. А вось Аляксандр Федарцоў, які ў 2011 годзе быў першым намеснікам Старшыні Вярхоўнага суда і ўзначаліў працэс па справе аб тэракце ў мінскім метро, з 2015 года працуе старшынёй суда Еўразійскага эканамічнага саюза.

"Я дагэтуль не езджу ў метро". 5 гадоў пасля тэракта на "Кастрычніцкай"

"Любоў Кавалёва падала скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека. Яе там разгледзелі і прынялі рашэнне, згодна з якім Беларусь парушыла права Уладзіслава Кавалёва на жыццё. А таксама прынцып справядлівага судовага працэсу. Згодна з міжнароднымі дамоўленасцямі, Беларусь павінна была апублікаваць і распаўсюдзіць гэтае рашэнне на працягу 180 дзён. Але гэтага не было зроблена. На дадзены момант усе магчымасці аспрэчыць рашэнне суда па справе аб тэракце ў мінскім метро вычарпаныя", ― кажа праваабаронца Андрэй Палуда.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі