"Я гавару" — свабодныя "Купалаўцы" закрываюць сезон музычным праектам
"Купалаўцы" закрываюць тэатральны сезон праектам "Я гавару" / instagram.com/kupalaucy
Незалежная тэатральная трупа "Купалаўцы" закрывае 101-ы сезон аўтарскім музычным праектам.
"Безумоўна, гэта быў адзін з самых запамінальных сезонаў ва ўсёй гісторыі Купалаўскага тэатра", — кажуць у трупе, падводзячы вынікі.
Кажуць, "было няпроста, але ж і вельмі захапляльна. Мы зрабілі столькі ўсяго, чаго і самі ад сябе не чакалі". Па словах "Купалаўцаў", закрыццё сезону таксама абяцае быць годным.
Паказ вырашылі прымеркаваць да дня нараджэння Янкі Купалы. У аснову праекта ляглі вершы сучасных паэтаў. Іх пад музыку выканаюць артысты трупы — Валянціна Гарцава, Юлія Шпілеўская, Крысціна Дробыш, Дзмітрый Тумас, Юліяна Міхневіч, Антаніна Дубатоўка, Павел Астраух, Марта Голубева і Міхаіл Зуй.
"Трымайцеся мацней! Мы натхніліся і рызыкнулі", — кажуць аўтары і ўдзельнікі праекта. Паглядзець, што ў іх атрымалася, убачыць фінальны эфір 101-га тэатральнага сезона можна будзе на youtube-канале "Купалаўцаў" 7 ліпеня ў 20.00.
Пасля выбараў у знак пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў і супраць гвалту вялікая частка трупы Нацыянальнага тэатра Янкі Купалы сышла з тэатра, але не распалася. Артысты і рэжысёры працягнулі працу. За гэты час было выпушчана некалькі пастановак, якія можна было бачыць на канале "Купалаўцаў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.