Як доўга будзе падаць беларускі ВУП і што чакае на дне?
Спойлер: у нейкі момант падзенне спыніцца і мы выйдзем на траекторыю росту. Але рост складзе прыкладна 1% у год / pixabay
Падзенне беларускага ВУП рана ці позна скончыцца, кажа ў эфіры Еўрарадыё эканамістка і акадэмічная дырэктарка BEROC Кацярына Барнукова.
— ВУП прыстасуецца да санкцый праз падзенне. А ў нейкі момант падзенне спыніцца і мы выйдзем на траекторыю доўгатэрміновага збалансаванага росту. Нават пад санкцыямі мы ў нейкі момант вернемся да росту. На жаль для Беларусі, гэтая траекторыя росту — менш за 1% у год.
ВУП да таго моманту ўпадзе прыкладна на 10%. Ёсць розныя прагнозы таго, як менавіта гэтае падзенне будзе размеркаванае ў часе.
— Мы бачым, што многія эфекты [санкцый. — Еўрарадыё] пачынаюць праяўляць сябе толькі цяпер. Ці паспее падзенне цалкам рэалізавацца сёлета ці частка яго закране і наступны год — паглядзім.
Ці стане расійскі рынак выратаваннем для беларускай эканомікі? У нейкім сэнсе так. З яго сыходзяць больш магутныя канкурэнты, і для нашых кампаній гэта шанец заняць іх месца.
— Але не ўсё мы зможам заняць. Сыход айфонаў нам нічога не дае, мы не зможам заўтра зрабіць "белфон" і прадаваць яго на расійскім рынку.
І калі мы паглядзім на тры асноўныя экспартныя пазіцыі, якія трапілі пад санкцыі — нафта, калійныя ўгнаенні і драўніна, — выявіцца, што Расіі яны не патрэбныя, досыць свайго.
Іншыя вытворцы, якія даўно працуюць на расійскім рынку, сутыкнуцца з тым, што і ў самой Расіі будзе падаць спажывецкі попыт. Спад у Расіі — важны фактар эканамічнага крызісу ў Беларусі. Разлічваць на тое, што расійскім рынкам мы цяпер кампенсуем сабе страты ад санкцый, складана.
Дый акрамя беларусаў досыць тых, хто гатовы напоўніць расійскі рынак таварамі, сярод гэтых многіх — Кітай. І не заўсёды Беларусь зможа з ім канкураваць, нават маючы прэферэнцыі на расійскім рынку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.