Як (і як часта) абнаўляюць статыстыку па COVID-19 у Беларусі і ў іншых краінах
Мінздароўя Беларусі выбрала тактыку нештодзённага інфармавання пра сітуацыю з каранавірусам у краіне / Reuters
Пасля трох дзён чакання Мінздароўя Беларусі нарэшце падзялілася свежай статыстыкай па сітуацыі з каранавірусам у краіне: зафіксавана 152 выпадкі інфікавання COVID-19. Да гэтага мы бачылі допіс з лічбамі 27 і 25 сакавіка. Гэта значыць, новыя звесткі беларусы атрымліваюць самае частае — раз на два дні. Гэта нармальна?
Мы вырашылі паглядзець, як часта статыстыку па COVID-19 публікуюць у суседніх краінах і наколькі разгорнутай інфармацыяй дзеляцца з грамадзянамі чыноўнікі.
Спойлер: беларусам інфармацыю паведамляюць радзей, чым усім суседзям.
А што там у суседзяў?
У Расіі інфармацыя на афіцыйных сайтах Мінздароўя і Расспажыўнагляду абнаўляецца кожны дзень, нават у выхадныя. Расіянам расказваюць, колькі чалавек прайшлі тэставанне на COVID-19, колькі пацыентаў ачунялі і памерлі, а таксама даюць інфармацыю пра колькасць інфікаваных па рэгіёнах.
У Літве кожны дзень роўна а 8-й раніцы на сайце міністэрства з'яўляецца актуальная інфармацыя пра грамадзян, якія захварэлі, загінулі, ачунялі, знаходзяцца пад наглядам і выканалі тэсты (усяго і за папярэдні дзень).
У Латвіі працуе інтэрактыўная карта, па якой можна адсачыць распаўсюджванне COVID-19 па краіне.
Штодзённай інфаграфікай абнаўляюць твітэр-акаўнт Мінздароўя ў Польшчы. Палякаў інфармуюць пра колькасць грамадзян, якія захварэлі, ачунялі, знаходзяцца на каранціне і колькасць праведзеных тэстаў. На сайце міністэрства размешчана інтэрактыўная карта распаўсюджвання інфекцыі па краіне.
Кожны дзень раніцай інфармацыю пра тых, хто захварэў, ачуняў і загінуў, абнаўляюць ва Украіне. На сайце Мінздароўя ёсць асобная ўкладка з аператыўнай інфармацыяй па распаўсюджванні COVID-19 у краіне.
Статыстыка па поле, узросце і наяўнасці хранічных захворванняў
Найпадрабязнейшы прэс-рэліз з актуальнай інфармацыяй з'яўляецца на сайце Мінздароўя Паўднёвай Карэі кожны дзень у 00:00. Акрамя стандартнай інфармацыі пра захварэлых і ачунялых, карэйцы дзеляцца інфаграфікай пра колькасць інфікаваных і працэнт смяротнасці ў кожнай узроставай і палавой групе.
Кожны дзень, акрамя выхадных, на сайце Мінздароўя Іспаніі абнаўляецца файл з пашыранай статыстыкай па сітуацыі з COVID-19. Іспанцы могуць сачыць за тым, колькі грамадзян апынуліся ў рэанімацыйных аддзяленнях і падключаны да апаратаў ШВЛ. Пацыентаў дзеляць па ўзросце, поле, наяўнасці хранічных захворванняў і сімптомах, якімі праяўляецца COVID-19.
У Ісландыі з'явіўся цэлы сайт з афіцыйнай інфармацыяй па каранавірусе. Усе звесткі абнаўляюцца кожны дзень у 13:00. Статыстыка — па ўзросце, поле, рэгіёнах, шпіталізацыі, каранціне, паходжанні інфекцыі, колькасці тэстаў.
Без панікі — і без падрабязнай інфармацыі
Тактыка інфармавання насельніцтва пра распаўсюджванне каранавіруса ў Беларусі прыкметна адрозніваецца. Па-першае, ужо згаданыя "раз на два дні". Па-другое, на сайце Мінздароўя няма спецыяльнага раздзела для статыстыкі па COVID-19 — публікуецца ў нататках, паміж нататкамі з іншай інфармацыяй. Па-трэцяе, звесткі, якія нам паведамляюць, на агульным фоне больш чым сціплыя: колькасць тэстаў, колькасць тых, хто ачуняў і хто выпісваецца, колькасць тых, хто знаходзіцца пад кантролем медыкаў. Ні разбіўкі па рэгіёнах, ні дэмаграфіі.
Намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан тлумачыць, што ведамства выбрала тактыку нештодзённага інфармавання, бо "мы знаходзімся ў першым рэжыме работы, нічога экстраардынарнага ў краіне не адбываецца". І дадае, што міністэрства ў прынцыпе мае зносіны са СМІ часцей, чым планавалася.
А міністр Уладзімір Каранік, размаўляючы са студэнтамі 25 сакавіка, сказаў, што ведамства не дае больш падрабязную статыстыку (па рэгіёнах, напрыклад) праз СМІ і блогераў. Маўляў, яны "пачынаюць умешвацца ў асабістае жыццё грамадзян і сеяць панічныя настроі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.