Як склаўся лёс іпэшнікаў, якія абмяркоўвалі свае праблемы з Лукашэнкам

Як склаўся лёс іпэшнікаў, якія абмяркоўвалі свае праблемы з Лукашэнкам

Ад 1 студзеня заканчваецца адтэрміноўка дзеяння Указа №222, які абавязвае прыватных прадпрымальнікаў мець сертыфікаты якасці на ўвесь тавар. Яго ўступленне ў сілу некалькі разоў адкладалася, апошні раз пасля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўнікамі беларускага бізнесу. Прыватных прадпрымальнікаў тады прадстаўлялі тры асобы. Старшыня савета рынку ў Маладзечне Тамара Багачова ўжо даўно прыпыніла дзейнасць, бо рэалізоўвала дзіцячыя тавары, на якія адтэрміноўка па сертыфікацыі не дзейнічала. Па яе словах, праз некалькі дзён Маладзечна ўвогуле пазбавіцца прыватнага гандлю.

“У нас спыняюцца абодва рынкі і два цэнтры, — кажа прадпрымальніца. — Мы напісалі заяву ў выканкам, так бы мовіць, паведамілі ім, каб яны не лаяліся на дырэктараў гэтых гандлёвых аб’ектаў. Раней ведаеце, як было? Яны ціснулі на дырэктараў, каб людзі выходзілі працаваць. А цяпер мы патлумачылі, што ў сувязі з 222-м указам не маем патрэбных дакументаў і не можам у такіх абставінах працягваць дзейнасць”.

Тамара Багачова ў 2016 годзе плануе аднаўляць свой бізнес. Яна спадзяецца на лепшае і чакае, што “ў хуткім часе на аптовае пагадненне пойдзе Гродна, тады можна будзе набываць ужо сертыфікаваны тавар там”, ці “можа, Масква пачне даваць сертыфікаты”… Калі не, то прадпрымальніца перакананая, што маладзечанскі бізнес загіне канчаткова, як і ўвесь малы бізнес перыферыі.

Праблемы іпэшнікаў у пытаннях і адказах

“Праблема яшчэ і ў тым, што ў краіне крызіс. Давайце не будзем хітраваць, — кажа старшыня савета прадпрымальнікаў ГЦ "Імпульс" Жана Яткова. — Пакупніцкая здольнасць амаль роўная нулю. Сітуацыя ў нас з кожным днём толькі горшае. Бо мы проста не можам ні на новых, ні на старых умовах рэалізаваць свой тавар. У нас няма пакупніка! Гандлёвыя выставы ператварыліся ў музей”.

Жанна Яткова, якая таксама сустракалася з Лукашэнкам, перакананая, што пытанне сертыфікацыі новага тавару — не асноўная праблема і нават не другая ці трэцяя. Галоўнае менавіта тое, што прадпрымальнікі не могуць распрадаць рэшткі тавараў, якія набывалі раней па ўсіх правілах.

“Мы ж добрасумленныя падаткаплатнікі, — працягвае здзіўляцца Жанна Яткова. — І вось так умомант забраць у нас тавар, які яшчэ, умоўна кажучы, годны для выкарыстання… Вы ўяўляеце, які гэта ўдар па іпэшніках? Я пакуль не перайшла на ўсе параметры Указа №222, але я заплаціла ў казну на 60 мільёнаў больш падаткаў, чым тыя, хто працуе на поўную па правілах, якія прыдумалі чыноўнікі. А калі ў прадпрымальніка дзве кропкі, то гэта ўжо на 120 мільёнаў больш, а тры… Ну няўжо нашы эканамісты не ўмеюць лічыць?”

Трэці прадстаўнік малога бізнесу на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам — сябра савета прадпрымальнікаў рынка “ЖдановічыАлег Кароль — пакуль не вырашыў, што будзе рабіць пасля 1 студзеня. Маўляў, “сямейная рада пакуль не прыйшла да канчатковай высновы”. Да таго ж 30 снежня чакаецца сустрэча з прадстаўнікамі Міністэрства па падатках, і, магчыма, яшчэ нешта зменіцца. Хоць, напрыклад, Жана Яткова ўжо не верыць у станоўчы для прадпрымальнікаў вынік гэтай сустрэчы.

“Я лічу, што калі ёсць глабальная праблема, то трэба было сядаць за стол перамоваў 2-3 месяцы таму і вырашаць! Мы кантактныя і гнуткія людзі, але не! Мы абарвалі ім усе тэлефоны, прапаноўвалі выхады рашэння канфлікту, але ў іх не было часу на сустрэчу. Мы ж не жалімся, мы проста хочам працаваць, але пакуль у нас проста няма такой магчымасці. Можна ж было не даводзіць да такіх крайнасцяў такую вялікую групу людзей. Крыўдна, што мы аказаліся закладнікамі сітуацыі, калі мы непатрэбныя нікому, калі нас не жадаюць ні чуць, ні бачыць, ні размаўляць з намі”.

Жанна таксама прыпыняе сваю 23-гадовую прадпрымальніцкую дзейнасць 1 студзеня 2016 года. Натуральна, жанчына будзе шукаць варыянты аднаўлення працы, але пакуль не вельмі іх уяўляе.

Цалкам імаверна, што 65 000 прадпрымальнікаў у найбліжэйшы час па ўсёй краіне аформяцца на біржах працы і будуць атрымліваць штомесячную дапамогу.

“Няўжо лепш плаціць 80 долараў былым прадпрымальнікам з нашай беднай казны, чым атрымліваць ад іх грошы ў выглядзе падаткаў?” — заканчвае размову рытарычным пытаннем сябра савета прадпрымальнікаў ГЦ "Імпульс”.

Фота: kp.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі