Як КДБ шчаміла “рускамірцаў” па скаргах беларусаў (нешта ігнаравалі, але не ўсё)

Бывала, што ад сілавікоў адграбалі і прадстаўнікі "рускага" свету / @rubanau_collage

Бывала, што ад сілавікоў адграбалі і прадстаўнікі "рускага" свету / @rubanau_collage

Нягледзячы на прарасійскія настроі, якія транслюе лукашэнкаўскае чынавенства, шмат каму з беларусаў публічныя праявы так званага “рускага свету” не падабаюцца. Некаторыя паспрабавалі скарыстацца парадаксальным спосабам барацьбы. Яны скардзіліся на “рускамірцаў” крыху больш, чым цалкам “рускамірскім” “чэкістам”.

На што яны спадзяваліся? На тое, што закон у Беларусі будзе працаваць аднолькава для ўсіх? Еўрарадыё пераказвае звароты беларусаў супраць “рускага свету”, знойдзеныя ў “злітай” “Кіберпартызанамі” базе КДБ. І расказвае пра рэакцыю, якая на іх была.

Спявак Shaman прапагандуе фашызм

Беларус Андрэй К. летам 2022 года звярнуў увагу на свежыя кліп і песню “Я — рускі” пракрамлёўскага музыкі Shaman (сапраўднае імя Яраслаў Дронаў), які актыўна падтрымліваў вайну ва Украіне. 

Як КДБ шчаміла “рускамірцаў” па скаргах беларусаў (нешта ігнаравалі, але не ўсё)
Яраслаў Дронаў у кліпе "Я — рускі" / Shaman

“Перакананы, што гэтая песня ўзбуджае нянавісць і варожасць, указвае на ўзвышэнне нацыянальнай прыналежнасці, прапагандуе фашызм, нацыяналізм, прыніжае нацыянальныя меншасці, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь”, — напісаў мужчына, папрасіўшы сілавікоў правесці лінгвістычную экспертызу і ўзбудзіць крымінальную справу супраць спевака.

Рэакцыі на скаргу з боку ўладаў не было — з “Шаманам” сёння страшна звязвацца нават беларускаму КДБ. У кастрычніку 2022 года артыст без праблем выступіў у к/з “Мінск”. 

Рускія імперцы пад Гродна

У верасні 2015 года ў Сапоцкіне (Гродзенскі раён) казакі з аб’яднання “Казачы спас” пад гербавым сцягам Расійскай імперыі арганізавалі працэсію ў гонар 101-й гадавіны цудоўнага аб’яўлення Прасвятой Багародзіцы ў Аўгустоўскіх лясах. У ёй удзельнічалі сілавікі з памежнай службы.

На гэта мінчук Алесь Л. звярнуў увагу сілавікоў, напісаўшы дзве скаргі ў кастрычніку і ў снежні.

Як КДБ шчаміла “рускамірцаў” па скаргах беларусаў (нешта ігнаравалі, але не ўсё)
Крыжовы ход з удзелам казакоў і памежнікаў / old.orthos.org

“Грунтуючыся на даступных фота матэрыялах, пад сцягамі Расійскай імперыі ішлі "казакі" і памежнікі. Прашу ўдакладніць, наколькі выкарыстанне дадзенай сімволікі дзяржаўнымі органамі і ваенізаванымі арганізацыямі адпавядае законам Рэспублікі Беларусь”, — пісаў хлопец.

Сілавікі Алесю Л. так і не адказалі. Але пасля ліста ў Генпракуратуру кдбшнікі нарэшце адрэагавалі. На той момант першы намеснік кіраўніка КДБ Ігар Сергяенка паведаміў, што “мерапрыемства 2015.09.13 у г.п. Сапоцкін Гродзенскага раёна было праведзенае ў рамках дзеючага заканадаўства”.

Еўрарадыё звязалася з аўтарам зваротаў. Ён дадаў, што пасля ўсіх гэтых разборак памежнікі перасталі ўдзельнічаць у сумесных шэсцях з казакамі. 

Прымус і нянавісць да беларускай мовы

Вясной 2015 года на партале “Анлайнер” выйшла нататка пра супрацоўніка АЗС “А-100”, які скардзіўся, што яго прымушаюць размаўляць з кліентамі на беларускай мове. Тэму актыўна абмяркоўвалі на форумах выдання, прычым вельмі абразліва ў дачынненні да беларускай мовы.

На гэта звярнуў увагу мінчук Аляксандр В., які палічыў абмеркаванне “распальваннем міжнацыянальнай варожасці”, а таксама “змовай удзельнікаў тэмы форума, якія размаўляюць усе як адзін пра прымус і нянавісць да беларускай мовы”.

"Незаконная перадача рускіх земляў у склад БССР"

Базу выдаў ананімны жыхар Наваполацка. Ён звярнуў увагу на разгул “рускамірцаў” і на тое, што яны пасля анексіі Крыма пачалі пісаць пра Беларусь.

“Апошнім часам у нашай краіне і суседняй Расіі нарастаюць антыбеларускія настроі, накіраваныя супраць незалежнасці нашай дзяржавы. Нібыта для абароны Беларусі ад заходняй агрэсіі нам спрабуюць навязаць так званы "рускі свет". Узнікаюць розныя рухі (“Антымайдан”), якія не толькі супраць апазіцыі Беларусі, але і за любую беларускую праяву. У розных гарадах раз-пораз усплываюць факты раздачы расійскіх сцягоў. 

Таксама цяпер пачынае набіраць абароты тэма аб "незаконнай перадачы рускіх земляў у склад БССР", вось артыкул напісаны гэтым чалавекам. <...> Я як грамадзянін Беларусі хвалююся за суверэнітэт нашай дзяржавы, і мяне цікавіць, ці праводзяцца якія-небудзь мерапрыемствы па недапушчэнні такога ж сцэнара, як на ўсходзе Украіны?” — пытаўся ў сілавікоў беларус.

Распальванне варожасці да “свядомых”

На актыўнасць прарасійскіх шавіністаў у Беларусі восенню 2017 года звярнуў мінчук Павел Е. Яго скарга датычылася зняважлівага поста ў ВК-пабліку “Мы патрыёты Беларусі”.

“У гэтым артыкуле я бачу распальванне варожасці ў дачыненні да сацыяльнай групы "свядомыя", <...> што з'яўляецца экстрэмізмам. Таксама прашу звярнуць увагу на тое, што мноства артыкулаў гэтай групы прапагандуе выключнасць, перавагу і непаўнавартаснасць грамадзян па моўнай прыкмеце. Руская мова на іх думку вышэйшая за беларускую, а беларускую ўвогуле стварылі штучна <...>. 

Таксама прашу звярнуць увагу на лагатып групы, у якім сучасны контур тэрыторыі Рэспублікі Беларусь пакрыты сцягам Імперыі з ужо новай назвай «Белая Русь», што недвухсэнсоўна намякае на заклік да парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь і яе далучэння да Расіі”, — напісана ў звароце.

КДБ дакладна ніяк не адрэагавала на гэты зварот, бо паблік і дагэтуль працягвае дзейнічаць і актыўна абнаўляцца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі