"Прывабны і сімпатычны". Хто хоча працаваць на КДБ Беларусі

Ахвотнікаў хапае

Ахвотнікаў хапае / @rubanau_collage

Больш за 30 зваротаў са злітай "Кіберпартызанамі" базы КДБ Беларусі прысвечаныя просьбам узяць на працу ў "чэкісты". Еўрарадыё вырашыла скласці "сацыяльны партрэт" ахвотнікаў трапіць у джэймсы бонды айчыннага разліву.

"Прывабны і сімпатычны"

18-гадовы Максім Ш. з Ніжняга Тагіла змясціў сваё жаданне працаваць на беларускі КДБ у тры абзацы. Піша: "Ніхто не вярбуе — бяру ініцыятыву ў свае рукі".

Максім ні на каго не даносіў, але вялізнага імпэту працаваць на спецслужбы ў гэткім юным узросце яму не займаць.

"Маю добрую фізічную і інтэлектуальную падрыхтоўку. Неразумна было б не сказаць — я прывабны і сімпатычны. Хачу працаваць і развівацца як агент міжнароднай выведкі".

Ну, што ж, поспеху Максіму зычыць не будзем.


"Мне патрэбныя грошы — прашу вас, дайце!"

А вось Аляксандр з Бараўлянаў пад Мінскам рэгулярна дзеліцца з беларускай спецслужбай рознага кшталту, як ён сам заўважае, тэхнічнымі "ноу-хау". Ён прэтэндуе на ролю персанажа другога плана з "Бандыяны" — вынаходніка М.

Зрэшты, беларускі М. ніколі не піша, пра якія менавіта яго распрацоўкі ідзе гаворка.

"Я нямала вам дасылаў розных сваіх навуковых ідэй, якія патрабуюць адно эксперыментальнай праверкі, і якія могуць быць вельмі карыснымі ў вашай дзейнасці, а таксама могуць забяспечыць вам пэўны від навукова-тэхналагічнай перавагі. Мне патрэбныя грошы — прашу вас, дайце!”


"Вывез усё золата, усе алмазы"

"Даўні сябар і партнёр Беларусі, карэнны масквіч Андрэй С. 1960 года нараджэння" таксама пажадаў далучыцца да КДБ РБ. Паводле яго слоў, ён быў экспертам-кансультантам Андропава, супрацоўнічаў з КДБ СССР, "дапамагаў Ельцыну ствараць СНД і Новую Расію".

"У 1991 годзе, у дні ГКЧП, на просьбу Герашчанкі [кіраўнік Дзяржбанка СССР. — Еўрарадыё], я проста вывез усё золата, усе алмазы і ўсю валюту з краіны, а калі путч быў завершаны, вярнуў усё назад на Радзіму", — піша Андрэй.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі