Як суседзі ратавалі шматдзетную маці, каб чыноўнікі не забралі дзяцей

Як суседзі ратавалі шматдзетную маці, каб чыноўнікі не забралі дзяцей

У лістападзе 2018 года ў дом Вольгі Байцовай з праверкай прыйшлі чыноўнікі. Ім не спадабаліся ўмовы, у якіх жанчына выхоўвае чацвярых дзяцей. Вользе далі дзесяць дзён, каб адрэагаваць на заўваг, а дзяцей на гэты час забралі ў прытулак.

Справіцца з праблемамі Вользе дапамаглі аднавяскоўцы. Цяпер яе дзеці, 16-гадовая Ганна, 15-гадовы Мікалай, 6-гадовы Міша і 4-гадовы Прохар, вярнуліся дадому. А пра тое, што адбылося, маці прыгадвае, як пра страшны сон.

“Гэта было негалосна загадана мне зрабіць”

Гэтая гісторыя пачалася два гады таму, калі Вольга Байцова і яе чацвёра дзяцей пераехалі ў вёску Вялікае Кашо Гарадоцкага раёна (Віцебская вобласць). Вольга ўладкавалася працаваць даяркай на прыватнае прадпрыемства.

Ні бацькоў, ні сваякоў у шматдзетнай маці няма — дзяцей яна выхоўвае адна. Муж з’ехаў на заробкі ў Расію і неўзабаве перастаў дапамагаць сям’і. У такіх умовах разлічваць можна было толькі на сябе.

Як суседзі ратавалі шматдзетную маці, каб чыноўнікі не забралі дзяцей
Фота носіць ілюстрацыйны характар, juristpomog.com

На пачатку 2018 года Вольга нарадзіла пятае дзіця. Але сын памёр пасля прышчэпкі ў красавіку — хлопчыку не было і двух месяцаў. Цяпер жанчына зноў цяжарная — на сёмым месяцы, і знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку. У лістападзе дадому да Вольгі Байцовай прыйшлі чыноўнікі з аддзела па сацыяльных пытаннях Гарадоцкага райвыканкама.

“У лістападзе была размова з прадстаўнікамі райвыканкама, — распавядае Еўрарадыё Вольга Байцова. — Добраахвотна-прымусова мне прапанавалі пакінуць дзяцей у сацыяльна-педагагічным прытулку, бо ў мяне цяжкая жыццёвая сітуацыя. Я напісала заяву, што прашу ўзяць дзяцей у цэнтр на час вырашэння праблем. Гэта было негалосна загадана мне зрабіць”.

Прыехала праверка, а ў доме не было дроў

Сям’я Байцовых стаіць на ўліку, прызнана, што дзеці ў ёй знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Раней чыноўнікі ўжо прыязджалі да Вольгі з праверкамі: ці дагледжаныя дзеці, як апранутыя, ці накормленыя. Па словах Вольгі, ніякіх заўваг доўгі час не было. Але лістападаўская праверка заўважыла, што ў доме, дзе жыве шматдзетная сям’я, няма дроў.

“З-за гэтага мяне выклікалі на камісію 14 лістапада, — працягвае Вольга. — Маўляў, хутка зіма, а дроваў няма. Хаця я казала, што дровы будуць”.

Ганна, якой 16 гадоў, уваходзіла ў лік прызёраў рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы. Пасля школы Аня марыць паступіць у Ваенную акадэмію. Калі яна даведалася, што яе разам з іншымі дзецьмі забіраюць у прытулак, у дзяўчынкі здарылася гістэрыка: як у такіх умовах падрыхтавацца да іспытаў?!

Як суседзі ратавалі шматдзетную маці, каб чыноўнікі не забралі дзяцей
Ілюстрацыйнае фота, geopoisk.club

Акрамя дроў, выявілі запазычанасць па камунальных плацяжах і за электраэнергію. Разлічыцца з запазычанасцямі самастойна Вольга не магла. Таксама чыноўнікі знайшлі амаль пусты газавы балон. А па стане, у якім знаходзіўся дом, зрабілі выснову пра неабходнасць рамонту.

Выйсце з тупіка

На вырашэнне праблем Вользе Байцовай далі дзесяць дзён. Калі б не неабыякавыя суседзі, яе дзеці і сёння былі б у прытулку. Але здарыўся цуд, і да 28 лістапада ўсе праблемы былі вырашаныя! Дзеці засталіся жыць з маці.

Старшыня раённай арганізацыі прафсаюзаў Ірына Дарошчанка арганізавала падвоз і паколку дроў. Таксама прафсаюзы набылі для сям’і тры мяхі бульбы, а суседка Любоў Іванова заступілася за Вольгу на камісіі, дзе вырашаўся лёс яе дзяцей.

“За гэтай сям’ёй я назіраю амаль, як яны прыехалі, — распавядае Еўрарадыё Любоў Іванова. — Сям’я знаходзілася ў дзікім эканамічным тупіку. Мясцовыя сацыяльныя службы вырашылі, што дзецям будзе лепш у дзіцячым доме. Але гэта глупства. Я ведаю Вольгу, ведаю дзяцей. Летам яна прыходзіла з начной дойкі і бегла ў лес па чарніцы, каб потым прадаць”.

Па словах суседкі, якая таксама прысутнічала на камісіі, на Байцову распачалі сапраўднае паляванне. Мясцовыя чыноўнікі ставілі пытанне пра пазбаўленне жанчыны бацькоўскіх правоў.

“На камісіі я падняла пытанне: а чым дапамаглі шматдзетнай маці, ці прапанавалі ёй дадатковую працу, як там яе правы выконваліся, — працягвае Любоў Аляксандраўна. — Я так і сказала, каб Вольга была юрыдычна адукаванай, дык была б іншая сітуацыя. Замест таго, каб дапамагчы, вы на яе нападаеце. Як вы маглі, кажу, яе ў аварыйны дом засяліць?! У вёсцы ні садка, ні ясляў. У школу ў Гарадок возяць”.

“Б’ецца як рыба аб лёд”

Да вырашэння праблем Вольгі далучылі таксама Віцебскую епархію.

“Айцец Віктар з епархіі вельмі дапамог, — працягвае Любоў Іванова. — Дачцэ купілі акуляры, закрылі пытанне з запазычанасцю, купілі прадуктаў, дапамаглі адзеннем. Аднаму хлопцу толькі 41 размер кедаў засталося набыць. Пра такіх жанчын, як Вольга, кажуць: “Б’ецца як рыба аб лёд”. Нейкая дапамога ёй выплачваецца на дзяцей, але аліментаў ад бацькі няма”.

Як суседзі ратавалі шматдзетную маці, каб чыноўнікі не забралі дзяцей
Ілюстрацыйнае фота

Па словах Вольгі Байцовай, асноўныя пункты — газ, запазычанасць, дровы — былі закрытыя. Таксама ёй дапамаглі з рамонтам даха, ганка і франтона. “На ўсё было дадзена толькі дзесяць дзён, але ўсё скончылася добра. Дзякуй тым, хто мне дапамог”, — кажа жанчына.

“Дапамога Вользе Байцовай аказвалася неаднаразова рознымі службамі. Выдзяляецца дзяржаўная адрасная дапамога. На сённяшні дзень усе вострыя пытанні гэтай сям’і вырашаныя, — падсумоўвае Ірына Дарошчанка. — Ёсць шэраг аб’ектыўных і суб’ектыўных прычын стану сям’і. Жанчына цяпер знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку. Адно магу сказаць — у сям’і вельмі добрыя дзеці. І ім трэба было дапамагчы”.  

Больш важных і цікавых навінаў у праграме "Еўразум" за 07.12

 
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі